Карты, якімі гулялі аматары азарту з усёй міжваеннай Польшчы, вырашылі аднавіць у Гродне. Тут іх друкавалі на фабрыцы братоў Лапіных, пры рэканструкцыі якой восенню 2015 знайшліся арыгіналы прадукцыі. Выгляд карт ужо ўзнавіла творчае згуртаванне «А-чатыры», цяпер трэба іх выдаць. Для гэтага гродзенцы пачалі збор сродкаў на Talaka.by. Творчае згуртаванне «А-чатыры» займаецца распрацоўкай і выданнем настольных гульняў. З рэалізаваных праектаў: «Паўстанцы», «Мова», «Вежа», «Гаспадар цмокаў», «На трох кітах» i iншыя. Каманда зацікавілася картамі, калі даведалася, што арыгіналы знайшлі ў Гродне ў час рэканструкцыі будынка былой фабрыкі. «Тады ў нас з’явілася ідэя: а чаму б гэтыя карты не аднавіць? Гэта ў першую чаргу ўклад у гісторыю горада і краіны ў цэлым, а яшчэ гэта пераемнасць пакаленняў, бо мы, маладыя сучасныя гродзенцы, аднаўляем тое, што рабілі гараджане яшчэ ў мінулым стагоддзі», — кажа аўтар праекта Антон Янкоўскі. Ігральныя карты Лапіных выдаваліся ў Гродне ў 1930-я Прататыпы карт камандзе прадаставіў гісторык Андрэй Вашкевіч, ён жа падрыхтаваў і гісторыю іх выпуску. За аснову былі ўзяты дадзеныя з архіваў, гістарычныя даведкі, а таксама фрагменты знойдзеных два гады таму карт.

Традыцыі з часоў Тызенгаўза

Iгральныя карты Лапіных вырабляліся на гродзенскай фабрыцы ў 20−40-х гадах мінулага стагоддзя і былі шырока папулярныя за межамі Гродзеншчыны. За аснову друку на фабрыцы была ўзята тэхналогія і стандарты, закладзеныя яшчэ ў XVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам. Гродзенскія ігральныя карты былі вядомыя сваёй якасцю, прыгажосцю, арыгінальнасцю і разнастайнасцю. У асартыменце былі «народныя» калоды з выявамі шляхты часоў Рэчы Паспалітай замест каралёў і валетаў, «прускія», «барочныя», у гады нямецкай акупацыі на фабрыцы Лапіных друкаваліся «рэйнскія» ігральныя карты.

«Мы вырашылі аднаўляць карты цалкам з нуля, каб у нас атрымаўся якасны прадукт. Тое, што было знойдзена пры рэканструкцыі, у вельмі дрэнным стане. Акрамя карт мы яшчэ выпусцім адмысловую каробку для іх: звычайную і са скуры. На жаль, арыгінальных упаковак не было знойдзена, нам даводзіцца іх самім ствараць. Але мы будзем выкарыстоўваць некаторыя сімвалы, шрыфты, лагатыпы фабрыкі Лапіных», — дадаў Антон. Браты Лапіны загінулі ў вайну, верагодна ў час Халакосту. У 1944 годзе вытворчасць карт на фабрыцы была спынена. Там пачалі друкаваць савецкія агітацыйныя плакаты. Пазней праца гродзенскай друкарні ўвогуле прыпынілася, будынак фабрыкі доўга пуставаў. Цяпер там офісы «Белмытсэрвісу». Планавалася, што на тэрыторыі былой фабрыкі зробяць музей, дзе б распавядалася пра гісторыю гродзенскіх ігральных карт, але гэта так і не адбылося.
У Гродне перавыдадуць ігральныя карты Лапіных 20-40-х гадоў ХХ ст. Грошы збіраюць на "Талацэ"
Рэканструкцыя былой фабрыкі ігральных карт Лапіных (2016 г.)

Першыя карты пакажуць на «Ночы музеяў»

Каманда, што аднаўляе карты Лапіных, хоча, каб кожны мог у будчыні адчуць у сваіх руках сапраўдную беларускую гісторыю. Кожную карту калоды малявала мастачка Наста Янкоўская паводле фрагментаў арыгіналаў пад кантролем гісторыкаў, а на адваротным баку і каробцы намаляваны эмблемы і штампы сям'і Лапіных. У каралях можна пазнаць Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста i Яна Сабескага.

У Гродне перавыдадуць ігральныя карты Лапіных 20-40-х гадоў ХХ ст. Грошы збіраюць на "Талацэ"
Наста Янкоўская за працай
«Маляваць карты — гэта працаёмкі працэс, які патрабуе канцэнтрацыі і часу. У асноўным карты малявалі з нуля, дзесьцi рабілі копіі і абмалёўвалі акварэллю, астатняе ўсё дараблялася на камп’ютары — сканавалася і чысцілася», — расказала Наста. Плануецца, што першыя адноўленыя карты пакажуць гродзенцам ужо 20 мая на «Ночы ў музеі». У канцы вясны і пачатку чэрвеня, магчыма, карты ўжо з’явяцца ў продажы. Калода новых карт Лапіных будзе каштаваць 5−7 рублёў. Падтрымаць праект гродзенцаў можна тут.