Навіны

Аляксандар Мілінкевіч зарэгістраваў у Польшчы «Вольны беларускі ўніверсітэт»

Заснавальнік руху «За свабоду», экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч зарэгістраваў у Варшаве фонд «Вольны беларускі ўнівэрсытэт».

На пачатковым этапе адукацыя будзе бясплатнай, выкладаньне плянуецца на беларускай, ангельскай і польскай мовах, піша s**boda.org.

«Хоць мы зарэгістраваныя як „Вольны беларускі ўніверсітэт“, на самой справе гэта не зусім унівэрсытэт, — патлумачыў заснавальнік для belaruspartisan.by. — Гэта хутчэй апэратар, які дапаможа эўрапейскім унівэрсытэтам выйсьці на беларускі рынак навучаньня, а студэнты змогуць паспрабаваць атрымаць эўрапейскія веды праз інтэрнэт. І, вядома, дыплёмы павінны выдаваць ня фонд, а добры эўрапейскі унівэрсытэт».

Паводле палітыка і грамадзкага дзеяча, ад пачатку ставілася мэта зарэгістраваць унівэрсытэт на тэрыторыі Эўразьвязу. Калі спрабаваць легалізавацца ў Беларусі, спатрэбіцца ліцэнзія Міністэрства адукацыі, а гэта значыць, праграма мусіць адпавядаць дзяржаўным стандартам. А ў гэтым выпадку задача іншая — атрымаць самыя сучасныя веды эўрапейскага ўзроўню, кажа Мілінкевіч.

Гаворачы пра мовы навучаньня, Аляксандар Мілінкевіч удакладніў, што працоўнымі прадугледжаныя беларуская і ангельская.

«Паколькі зь беларускай мовай навучаньня ў Беларусі вялікія праблемы — магчыма, толькі філялёгія засталася па-беларуску, — мы хацелі зрабіць гэта адметнай рысай нашага ўнівэрсытэту. Актыўная моладзь цікавіцца роднай мовай, культурай, гісторыяй. Абавязкова ёсьць тыя, хто хоча вучыцца па-беларуску. Ангельская — тут усё зразумела. Паколькі нашы першыя партнэры ў асноўным польскія, польская мова таксама ня выключаная. Хачу, каб былі французская, нямецкая ды іншыя. Але ня ўсё адразу…»

Спачатку адукацыя будзе бясплатнай, але потым давядзецца плаціць.

«Несур'ёзна спадзявацца, што донары будуць нас пастаянна фінансаваць, — сказаў спадар Мілінкевіч. — Трэба выходзіць на самаакупнасьць. І калі праект удасца, калі будзе вялікая колькасьць студэнтаў, то адукацыя стане платнай. Але кошт, безумоўна, будзе меншы, чым сёньняшняе завочнае навучаньне ў Беларусі. Адукацыя, якую мы хочам даць, не заменіць цалкам дзённую форму, але стане сур’ёзным дадаткам да яе».

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, сёньня перамагае ідэя «зьмешанага навучаньня», калі чалавек акумулюе веды ў інтэрнэце, а потым праходзіць стажаваньне і падчас дыскусійных панэляў сустракаецца з прафэсарамі. Гэта адна з самых эфэктыўных сыстэм трыманьня ведаў, перакананы ён.

Ініцыятар «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту» не ўдакладніў, ці будзе абвешчаны першы набор студэнтаў ужо сёлета. Паводле яго, так часта нешта зрывалася ў апошні момант, што лепш не сурочыць чарговым разам.

Навучаньне будзе ажыцьцяўляцца паводле прынцыпу «blended learning»: сучаснае дыстанцыйнае выкладаньне плюс сэсіі і стажы ў Польшчы. Усё гэта ў значнай ступені павялічвае імавернасьць таго, што адукаваныя спэцыялісты застануцца ў Беларусі.

Партнэрамі ўнівэрсытэту зьяўляюцца Варшаўскі ўнівэрсытэт і Эўрапейскі каледж (Бруге). Апошні прапанаваў сучаснае праграмнае забесьпячэньне плятформы дыстанцыйнай адукацыі і модулі онлайн-навучаньня ангельскай і польскай мовам. Гэта асноўныя мовы навучаньня побач зь беларускай.

Сваю дзейнасьць унівэрсытэт пачне з пасьлядыплёмных адукацыйных праграмаў, пазьней магістарскіх і доктарскіх, у спэцыяльнасьцях, неабходных для эканамічнай, сацыяльнай і грамадзкай трансфармацыі Беларусі. Дыплёмы беларусам будуць выдаваць польскія партнэрскія ўнівэрсытэты, зь якімі маецца заключаць дамовы аб навучаньні студэнтаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Загадчыцу інтэрната ў Гродне аштрафавалі за нямытыя пліты

Загадчыца аднаго з інтэрнатаў у Гродне не ўсачыла за тым, каб паддоны электраплітаў на кухні…

7 мая 2024

Колькасць пасажыраў зменшылася на 99%, страты больш за 8,5 млн. Што зараз з гродзенскім аэрапортам у Абухаве?

За чатыры гады колькасць пасажыраў гродзенскага аэрапорта знізілася за 99% – з 10 000 да…

7 мая 2024

Магічны відэарэгістратар. Збітаму ДАІшнікамі рабочаму не паверыў мясцовы суд — але ў яго ёсць шанец іх пакараць

Рабочага Белспажыўтаварыства збілі двое ДАІшнікаў - у іх аўтамабілі і кабінеце РАУС. Пра гэта ён…

7 мая 2024

«Вольнае валоданне літоўскай, англійскай, польскай, нямецкай». ТОП-5 самых аплочваемых вакансій Гродзенскай вобласці

У пяцёрцы самых прыбытковых вакансій – дырэктар, кіраўнікі зменаў і аддзелаў, а таксама маркетолаг. Hrodna.life…

7 мая 2024

На «Гродна Азот» забароняць карыстацца смартфонамі і выходзіць у інтэрнэт

На «Гродна Азот» і прадпрыемствах, у якіх ён выступае заснавальнікам, супрацоўнікам забароняць карыстацца смартфонамі і…

6 мая 2024

Вайскоўцы кампенсавалі шкоду пацярпеламу гродзенцу — а цяпер забіраюць грошы ў вінаватых

Двух адказчыкаў прызналі вінаватымі ў нядбалым стаўленні да службы, якое прывяло да цяжкіх цялесных пашкоджанняў…

6 мая 2024