«Недахоп фінансавання». Чаму ў Гродне марудна мяняюць цепласеткі?

Гараджане ў асноўным з разуменнем ставяцца да рамонтных работ, але здараецца, што замена інжынерных сетак доўжыцца не месяц, не два, а больш за год. З падобным становішчам жыхары не могуць пагадзіцца, асабліва з пачаткам ацяпляльнага сезона, піша zviazda.by.

Дзе гэта вуліца?

Адзін з такіх прыкладаў можна назіраць у самым ажыўленым месцы абласнога цэнтра — каля цэнтральнага рынка. Летам тут вялася замена трубаправода на праезнай частцы. І, трэба сказаць, усё зрабілі даволі хутка. Пасля работы перакінуліся ў двор. І цяпер ён хутчэй нагадвае маштабныя археалагічныя раскопкі, якія адкрылі ўжо амаль увесь фундамент дома. Маладая мама, якая выйшла з двума дзецьмі, паведаміла, што цяпер не можа выпусціць свайго сямігадовага сына на вуліцу, як раней, бо дабірацца да дзіцячай пляцоўкі праз катлаван небяспечна. Працяглая замена адбіваецца і на падачы цяпла: у кватэрах пацяплела толькі ў сярэдзіне тыдня. А работы яшчэ не завершаны.

Не мінуў гэты лёс і двары ў цэнтры горада. На адной з такіх пляцовак вядзе пракладку прадпрыемства цеплавых сетак. Пасля дажджу тут не прайсці, не праехаць. Пагражальна выглядаюць катлаваны з іржавымі жалезнымі трубамі і мутнай вадой. Відавочна, і гэта пацвердзіў адзін з будаўнікоў, работы па ўкладцы тут завершаны, але трэба ўпарадкаваць калодзежы і тэрыторыю. Тэрміны здачы не выконваюцца. Калі меркаваць па пашпарце аб’екта, мадэрнізацыю тут павінны былі завяршыць яшчэ 30 жніўня.

У пастку зацяжнога рамонту трапілі і жыхары мікрараёна Фолюш. Тут сітуацыя яшчэ больш драматычная. Работы па замене трубаправода павінны былі завяршыцца ў верасні, але пераносяцца на май наступнага года. Пры гэтым трэба ўлічыць, што яны вядуцца з сакавіка. Як высветлілася, быў недасканала падрыхтаваны праект. А жыхары тым часам вымушаны больш за год пераадольваць перашкоды, каб трапіць у свае кватэры. Не дзіўна, што такі факт апынуўся ў полі зроку Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці.

— Месца, дзе вядуцца работы, знаходзіцца ў неналежным стане — паўсюль раскіданы будаўнічыя матэрыялы, рэшткі бетонных пліт, цяжка падысці да некаторых жылых дамоў, людзі пішуць скаргі, і абгрунтавана. Каб завяршыць пракладку, спатрэбіцца яшчэ шмат часу, бо работы па рэканструкцыі сетак выкананы дзесьці на 70%, — паведаміла начальнік упраўлення КДК Наталля ЖУР.

І гэта не ўсе адрасы зацяжнога рамонту. Марудна вядуцца работы на вуліцах Брыкеля і Ліможа. Плануецца, што мадэрнізацыя лакальных сетак павінна завяршыцца ў лістападзе, але пакуль тут замянілі толькі 600 метраў трубаправода замест 3,2 кіламетра. Акрамя гэтага спецыялістамі КДК устаноўлены шматлікія парушэнні праекта ў арганізацыі, адгароджванні і ўтрыманні будаўнічых пляцовак.

Чаму замена ідзе марудна

Перакладка трубаправодаў — работа сістэмная і планавая. Для ЖКГ ёсць і свае нарматывы — кожны год мадэрнізаваць 4% ад працягласці старога абсталявання. Напрыклад, штогод у Гродзенскім рэгіёне неабходна замяніць 95 кіламетраў трубаправода. Але пакуль не ўсё, што намечана, зроблена. У некаторых раёнах работа ідзе марудна — пракладзена 20—40% ад патрэбы.

Дарэчы, нядаўна гэта праблема абмяркоўвалася на пасяджэнні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, дзе раёнам, якія марудзяць з работамі, былі пастаўлены канкрэтныя тэрміны. Праблема асабліва актуальная для абласнога цэнтра, дзе пакуль пракладзена менш за палову плана. А ўсяго камунальнымі службамі горада перакладзена 11 кіламетраў трубаправода пры плане 30. Больш за тое, на пачатак верасня работы не распачаліся на трох аб’ектах з дзесяці.

І такая сітуацыя даволі тыповая, сцвярджаюць у КДК. Замена сетак вядзецца з адставаннем амаль кожны год. Вось і гэты не стаў выключэннем.

Напрыклад, у вобласці да 20 верасня трэба было замяніць 85 кіламетраў цепласетак, а зрабілі толькі 55.

— Асноўная прычына — недахоп фінансавання, — кажа Наталля Жур. — Але не толькі. Яшчэ адна — непаваротлівасць саміх арганізацый, якія імкнуцца набраць больш заказаў, а потым не паспяваюць своечасова іх выканаць. Атрымліваецца адставанне ад графіка. А зіма між тым не за гарамі. Вось толькі не ўсе камунальныя арганізацыі да яе гатовы.

Ці будуць праблемы з цяплом?

Як запэўнілі ў гарадской жыллёва-камунальнай гаспадарцы, праблем з цяплом не павінна быць. Работа па падключэнні вядзецца згодна з графікам. У жылы фонд цяпло пачалі падаваць з пачатку тыдня. Як адзначыў начальнік вытворчага аддзела Гродзенскага гарадскога ЖКГ Павел КОНЕЎ, на падключэнне даецца 48 гадзін. Гэта неабходна для таго, каб забяспечыць раўнамерную нагрузку на абсталяванне.

Увогуле замена цепласетак не павінна сур’ёзна адбіцца на падачы цяпла ў кватэры, падкрэсліў суразмоўнік. Адзінае, што можа стварыць дыскамфорт, гэта часовае адключэнне цяпла пры ўрэзках новых ліній. Такія работы патрабуюць, як правіла, ад некалькіх гадзін да двух дзён. Пра гэта жыхароў інфармуюць загадзя. Што датычыцца пракладкі цеплатрасы, дык гэту работу вядуць не толькі камунальнікі, але і энергетыкі. Дарэчы, на іх балансе — большасць цепласетак горада. Але менавіта да камунальнікаў у гэтым плане больш прэтэнзій. Тыя, у сваю чаргу, маюць свой аргумент.

— Вы заўважылі, наколькі раней пачаўся сёлета ацяпляльны сезон? — задаецца пытаннем Павел Конеў. — А між тым сярэднясутачная тэмпература перавышае восем градусаў, што па нарматывах не дае падставы на падачу цяпла. Звычайна ацяпляльны сезон доўжыцца з 15 кастрычніка да 15 красавіка і займае 194 дні. Сёлета ён пачаўся яшчэ ў канцы верасня. Зразумела, што першымі атрымалі цяпло сацыяльныя аб’екты — дзіцячыя садкі, школы, бальніцы. Літаральна праз некалькі дзён цяпло прыйшло ў кватэры. А між тым не ўсе жыхары згодны з гэтым. Некаторыя лічаць, што ўключаць цяпло яшчэ рана, на вуліцы няма марозу.

У любым выпадку рашэнне аб пачатку ацяпляльнага сезона прынята, і яго трэба выконваць. Зіма, як кажуць, спытае строга, у тым ліку і за расходаванне цеплаэнергіі. А ў вобласці сёлета пастаўлена задача знізіць цепластраты на 10%. Дасягнуць гэтага магчыма толькі праз мадэрнізацыю старых цепласетак. І ў тым выпадку, калі работа не будзе зацягнута на доўгі тэрмін.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024

ІП везла праз мяжу б/у рэчы для дабрачыннай арганізацыі - вось за што яе аштрафавалі

Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі…

1 мая 2024

У гістарычным цэнтры Гродна прадаюць вялізную кватэру з вінным склепам — за $ 266 500

На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы.…

1 мая 2024

Цэны на арэнду кватэр у Гродне пайшлі ўгору перад доўгімі выхаднымі - чакаецца лавіна турыстаў

У Гродне пачаўся рост цэн за арэнду кватэры на майскія святы. Гэта звязваюць з плынню…

1 мая 2024