Навіны

Сяргей Міхалок з гуртом Brutto заклікаў правесці новыя прэзыдэнцкія выбары

Сяргей Міхалок сказаў, што музы́кі Brutto не прызнаюць вынікі выбараў у 2020 году і ня лічаць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам. Ён заклікаў правесьці новыя сумленныя прэзыдэнцкія выбары, піша s**boda.org.

Ён лічыць, што найлепшымі кандыдатамі на новых выбарах былі б не палітыкі, а людзі, якія сваімі ўчынкамі даказалі, што яны патрыёты краіны, — такія як Сьвятлана Алексіевіч, Мікалай Халезін, Лявон Вольскі, Віталь Гуркоў.

Знаны музы́ка Сяргей Міхалок запісаў відэазварот, які пачаў цытатай зь верша Янкі Купалы «Песьня вольнага чалавека«

Дарэмна сьвістамі нагаек
Застрашыць хочуць тыраны,
Нагнаўшы чорных соцень шаек,
Акулі рукі ў кайданы, —
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

«Мы з хлопцамі з Brutto Nostra свой выбар зрабілі даўно. Мы не прызнавалі афіцыйных вынікаў выбараў у 2010 годзе. Мы не прызнавалі афіцыйных вынікаў выбараў у 2015 годзе. Пра гэта мы гаварылі ў сваіх інтэрвію, пра гэта мы сьпявалі свае песьні. Вядома ж, мы не прызнаём афіцыйныя вынікі выбараў у нашай роднай Беларусі ў 2020 годзе. І лічым, што грамадзянін Лукашэнка ня ёсьць легітымным і законным кіраўніком нашай краіны. Мы настойваем на новых сумленных справядлівых дэмакратычных выбарах.

Няхай будзе шмат кандыдатаў. Няхай гэта будуць людзі з усіх сфэраў. Няхай гэта будуць і прафэсійныя палітыкі. Але асабіста я ім ужо даўно не давяраю. Паліттэхналёгіі, фокус-групы — мы стаміліся ад гэтых фокусаў.

Асабіста я лічу, што добрымі кандыдатамі будуць тыя людзі, якія на працягу многіх гадоў сваімі справамі, сваімі словамі, сваімі ўчынкамі, сваімі ідэямі, сваёй працай даказвалі, што яны ёсьць патрыётамі Беларусі і хочуць, каб Беларусь была свабоднай, незалежнай, квітнеючай эўрапейскай краінай.

Якія кандыдаты?

Ну, напрыклад, Сьвятлана Алексіевіч — пісьменьніца, нобэлеўскі ляўрэат, жанчына зь цьвёрдымі маральнымі і этычнымі перакананьнямі.

Ці Мікалай Халезін — рэжысэр «Свабоднага тэатру», інтэлектуал, наш сябар, патрыёт Беларусі.

Напрыклад, Лявон Вольскі — паэт, мастак, музы́ка, грамадзкі дзеяч, цудоўны, годны чалавек.

Ці Віталь Гуркоў — шматразовы чэмпіён сьвету, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, народны чэмпіён.

Сьпіс можна працягваць. Няхай будзе шмат кандыдатаў. І няхай пераможа годны.

Ну і яшчэ крыху пра шалёных сабак. Я лічу, што тыя, хто падняў руку на свой народ; тыя, хто зьбіваў старых, жанчын, дзяцей, працаўнікоў, хто біў сваіх карміцеляў, павінны сядзець на лаве падсудных і павінны сядзець за кратамі.

Гані быкоў! Вернецца воля! Жыве Беларусь! Жыве вечна!", — сказаў Сяргей Міхалок.

Пры канцы ён прасьпяваў напісаны ў сьнежні 2010 году гімн пратэсту «Грай».

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024

ІП везла праз мяжу б/у рэчы для дабрачыннай арганізацыі - вось за што яе аштрафавалі

Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі…

1 мая 2024

У гістарычным цэнтры Гродна прадаюць вялізную кватэру з вінным склепам — за $ 266 500

На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы.…

1 мая 2024

Цэны на арэнду кватэр у Гродне пайшлі ўгору перад доўгімі выхаднымі - чакаецца лавіна турыстаў

У Гродне пачаўся рост цэн за арэнду кватэры на майскія святы. Гэта звязваюць з плынню…

1 мая 2024