Навіны

Забяспечыць замовамі і павялічыць заробак. Як «Белвест» плануе адраджаць гродзенскі «Нёман»

На Гродзенскай абутковай фабрыцы «Нёман» хочуць павысціць заробак, уладкаваць новых супрацоўнікаў і тэхнічна абнавіць прадпрыемства. Пра гэта сказаў генеральны дырэктар холдынгу «Белвест» Юрый Суманееў расійскаму інфармацыйнаму агенцтву «Sputnik».

Абутковая фабрыка «Нёман». Фота: «Вечерний Гродно»

Аб’ём вытворчасці вырасце ў тры разы

Холдынг «Белвест» узяў на сябе кіраўніцтва фабрыкай «Нёман», вытворчую загрузку, а таксама развіццё фабрыкі.

«Фабрыку мы не куплялі, хоць не выключаем такую магчымасць. Сёння стаіць пытанне аб загрузцы прадпрыемства. У холдынгу „Белвест“ на вытворчых магутнасцях няма свабодных рэсурсаў. Таму мы ў пэўнай ступені з радасцю гатовыя падзяліцца не толькі гэтай часткай працы. Мы больш тэхнічна абноўлены і ўзброеныя. Гатовыя падзяліцца вопытам, навінкамі, інавацыямі», — сказаў Юрый Суманееў.

Увесь прыбытак, якія атрымае «Нёман», застанецца на прадпрыемстве і будзе ісці на развіццё фабрыкі. Сёння з-за старога абсталявання якасць прадукцыі і вытворчыя магчымасці фабрыкі нізкія.

У 2021 годзе «Белвест» распрацаваў план развіцця прадпрыемства. Паводле яго, за тры гады аб’ёмы вытворчасці павінен вырасці ў 2,5 — 3 разы. Кіраўніцтва холдынгу плануе прытрымлівацца гэтага плану, але з папраўкай на 2022 год. Маўляў, могуць узнікнуць затрымкі з замовай альбо купляй абсталявання.

У супрацоўнікаў вырасце заробак

«Белвест» хоча забяспечыць загрузку гродзенскай абутковай фабрыкі замовамі. Колькасць супрацоўнікаў хочуць павялічыць прапарцыйна аб’ёмам вытворчасці.

«У холдынгу сярэдні заробак складае 1100 рублёў з перспектывай росту да 1300, я спадзяюся. Калі мы ў гэтым годзе паспеем падцягнуць зарплату гродзенскай вытворчасці, гэта будзе рост у два разы і больш. Пры адпаведнай загрузцы і вытворчасці. Такая зарплата павінна дазваляць у горадзе Гродна стварыць прывабнасць працы на абутковай фабрыцы „Нёман“», — сказаў Суманееў.

Чытайце таксама: Паштальёнам — 488, абутнікам — 450. Якія заробкі прапануюць на дзяржпрадпрыемствах у Гродне

Асартымент «Нёмана» абновяць

Частку абутку «Белвест» будуць адшываць у Гродне. Частку мясцовага асартыменту пераглядзяць, але пакінуць дзіцячы абутак.

«Асартымент фабрыкі будзем абнаўляць. На „Белвесце“ доўгія гады шчыльна працуем з італьянскімі дызайнерамі. Мы можам убачыць не толькі самыя трэндавыя модныя праявы, але і трохі перакласці іх на менталітэт нашых людзей. У гэтым ключы ўсе напрацоўкі будзем трансляваць на развіццё асартыментнай лінейкі гродзенскай фабрыкі. Трэба яшчэ паглядзець, на чым лепш спецыялізавацца прадпрыемству», — сказаў Суманееў.

«Белвест» стварылі немцы, «Нёман» — спадчынніца дарэвалюцыйнай фабрыкі

«Белвест» быў заснаваны ў 1988 годзе нямецкай фірмай Salamander і Віцебскай фабрыкай «Чырвоны Кастрычнік». У 2003 годзе «Белвест» стаў беларуска-расійскім прадпрыемствам. У 2019 годзе ТАА «Група Белвест» купіла 55% долі ў кампаніі, якая раней належала дзяржаве. Цяпер у Беларусі адкрыта 77 фірмовых крам у розных гарадах, з іх у Гродне — чатыры. Ёсць крамы ў Расіі і іншых краінах. На прадпрыемстве паводле розных крыніц працуе 2400−2600 супрацоўнікаў.

Фабрыка «Нёман» — спадчыннік абутковай фабрыкі Рэзнікава, якая размяшчалася да верасня 1939 г. у правабярэжнай частцы Гродна. Пасля вайны фабрыка адкрылася ў 1947 як «Гродзенская абутковая фабрыка № 1». Сучасную назву яна атрымала ў 1963 годзе. У 1970-х на фабрыцы працавала амаль 4000 чалавек, а ў склад прадпрыемства ўвайшла Брэсцкая абутковая фабрыка. У 1991 годзе Гродзенскую абутковую фабрыку рэарганізавалі ў калектыўнае прадпрыемства, потым у закрытае акцыянернае таварыства «Гроднаабуў», а з 1994 года — у адкрытае акцыянернае таварыства. У 2020 годзе на фабрыцы працавала 526 чалавек.

Праблемы «Нёмана» — хранічныя

Аб тым, што фабрыка «Нёман» у перадбанкрутным стане, казалі яшчэ ў 2015 годзе. Тады на складах сабраліся вялікія запасы. Міні-рынак на вуліцы Паповіча, які належыць фабрыцы, спрабавалі прадаць некалькі разоў. У 2020 годзе кошт знізілі ўдвая — да 1 млн рублёў. Склад на Савецкіх памежнікаў плошчай амаль 3000 кв.м з гаражом тады прадавалі за 866 тыс. рублёў. Рынак так і не прадалі.

Зараз у Гродне дзве фірмовыя крамы ад фабрыкі, яшчэ 16 працуюць у іншых гарадах. У Мінску фірмовай крамы няма. У 2021 годзе магазін фабрыкі «Нёман» адкрыўся ў цэнтры Гродна, на вуліцы Савецкай. Ён заняў частку крамы «Ратушны».

Чытайце таксама: Не дать утонуть «Нёману». Гродненскую обувную фабрику отдали частному «Белвесту» — сравнили зарплаты и цены

Падзяліцца

Апошнія запісы

Натарыус адмовіўся рабіць даверанасць для гродзенца са спісу"тэрарыстаў". Той паскардзіўся ў суд

Беларуса асудзілі паводле некалькіх артыкулаў - у тым ліку за тэракт. Ён адбывае пакаранне ў…

17 мая 2024

У актывісткі страйкама з Гродна на радзіме арыштавалі маёмасць

На актывістку страйкаму "Гроднапрамбуд" Юлію Сліўко завялі новую крымінальную справу. У Беларусі ў яе арыштавалі…

17 мая 2024

Дзяўчынку, якая выпала з атракцыёна ў Лідзе, перавялі з рэанімацыі ў траўматалогію. Што з ёй зараз?

Адзінаццацігадовая дзяўчынка, якая ўпала з вышыні з атракцыёна ў Лідзе, аднаўляецца. Яе перавялі з рэанімацыі…

17 мая 2024

Ва ўдзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой абяцаюць забраць маёмасць у Беларусі

Удзельнікаў акцый на Дзень Волі 25 сакавіка 2024 года ў розных гарадах замежжа беларускія сілавікі…

17 мая 2024

Новы будынак у цэнтры Гродна — пад Новым замкам — адбудуюць паводле гістарычнага выгляду

Будынак праектуюць на набярэжнай проста пад Новым замкам, каля існага бізнес-центра на вул. Заводскай, 13.…

17 мая 2024

Прарэктара з Гродна аштрафавалі за прусакоў у інтэрнаце

На кухні двух інтэрнатаў навучальнай установы ў Гродне знайшлі прусакоў. Іх выявілі пры правядзенні кантролю…

16 мая 2024