«Далучаць стратнае да прыбытковага — шлях у нікуды». У Гродне аб’яднаюць гарадскія прадпрыемствы. Навошта — тлумачыць эксперт

Сетку крамаў «Нарочь» далучаць да Гродзенскага мясакамбіната. Крамы «Лімож» і «Купалінка» — да «Бакалеі». Аўтобусны парк аб’яднаюць з тралейбусным упраўленнем. Пра планы мясцовых уладаў адносна камунальных прадпрыемстваў паведаміў тэлеканал «Гродно Плюс». Эксперт патлумачыў, чаму так робяць і да чаго гэта можа прывесці.

Гродзенскі аўтобусны паркт. Фота: ap1.by

Што адбылося

У Гродзенскім гарвыканкаме падсумавалі вынікі працы гарадскіх прадпрыемстваў са студзеня па красавік 2022 года. Некаторыя прадпрыемствы чыноўнікі вырашылі рэарганізаваць. Гродзенскі аўтобусны парк аб’яднаюць з тралейбусным, крамы «Нарочь» далучаць да Гродзенскага мясакамбіната, а «Лімож» і «Купаліку» — да «Бакалеі».

Навошта гэта могуць рабіць

«Звычайна аб’ядноўваць стратныя прадпрыемствы і трохі прыбытковыя. Робяць гэта дзеля дзвюх рэчаў. Першае — магчыма, стаміліся шукаць новага дырэктара для стратнага прадпрыемства і такім чынам вырашаюць праблему. Другая — калі аб’яднаць стратнае прадпрыемства і прыбытковае, то сярэдняе арыфметычнае можа атрымацца такім, што будзе прыбытковае прадпрыемства. То бок гэта добра для паказчыка і можа зрабіць лепшую статыстыку», — расказаў Hrodna.life заснавальнік сайта Petitions.by і кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

«Гэта камень на шыі для моцнага прадпрыемства»

Падобная схема працуе ў Беларусі з канца 1990-х, кажа Кавалкін.

«Яно працуе, колькі Лукашэнка пры ўладзе, але гэта няправільнае выйсце. Трэба праходзіць фінансавую рэструктурызацыю альбо зачыняцца. А далучаць стратнае да прыбытковага — заўсёды кепскі шлях. Меркаванне такое: ёсць моцнае прадпрыемства, калі далучыць нешта слабое, то моцнае пацягне слабое. Але звычайна адбываецца наадварот. Гэта камень на шыі для моцнага прадпрыемства і яны не ведаюць што рабіць».

Паводле эксперта, такім чынам можна замест аднаго прыбытковага і аднаго стратнага прадпрыемства атрымаць адно вялікае стратнае.

Людзі будуць працаваць болей, але за меншыя грошы

На думку Уладзіміра, гэта паўплывае дэматывацыйна на супрацоўнікаў. Бо калі прадпрыемства становіцца менш прыбытковым, то праз гэта церпяць супрацоўнікі.

«У іх можа знізіцца заробак ці зрэжуць прэмію альбо „13 заробак“ калі ён ёсць. На рукі людзі будуць атрымоўваць менш грошай», — сказаў Уладзімір.

Акрамя гэтага, людзі павінны будуць працаваць болей за меншыя грошы, лічыць эксперт. А гэта дэматывуе больш прыбытковае прадпрыемства.

Кавалкін лічыць, што калі прадпрыемствы аб’ядноўваюць, то нерэнтабельнае павінна быць стратным ужо гадоў пяць. Гэта значыць, у ім працуе калектыў, які ўжо не верыць, што прадпрыемства зможа прыносіць прыбытак. З-за гэтага людзі прыходзяць на працу, «каб пасядзець, сысці і атрымаць мінімальную дапамогу па беспрацоўю, якая выглядае як заробак».

Навошта аб’ядноўваць аўтобусны і тралейбусны парк

На думку Кавалкіна, у гэтых структурах могуць быць праблемы з прыбытковасцю і колькасцю кіроўцаў. «Іх не хапае і яны [чыноўнікі - Hrodna.life] думаюць, што калі будзе вялікі пул кіроўцаў, то іх можна будзе перакінуць з тралейбусаў на аўтобусы і наадварот. І неяк павырашаць гэтыя праблемы».

У рынкавай эканоміцы робяць інакш

«У рынкавай эканоміцы ўсё адбываецца ў іншым парадку. Калі, напрыклад, у прадпрыемства ёсць стратны цэх, яго аддзяляюць і глядзяць, ці можа яно „выплыць“. Калі не, то яно банкрутуе і яго закрываюць. А ў нас у адваротным кірунку ўсё адбываецца», — сказаў Уладзімір. Ён называе далучэнне стратных прадпрыемстваў да прыбытковых шляхам у нікуды.

Якія прадпрыемствы ў Гродне стратныя

Зараз на гродзенскіх гарадскіх камунальных прадпрыемствах працуюць 7000 чалавек.

Да стратных прадпрыемстваў адносіцца Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман». Яе рэнтабельнасць за першыя чатыры месяцы 2022 года склала -24,6%. Рэнтабельнасць трэста «Гроднагарбуд» — -16,4%, тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродно Плюс» — -3,7%, аўтобуснага парка — -2,0%.

Рэнтабельнасць продажаў прадпрыемстваў за студзень — красавік 2022 года. Скрыншот з відэа «Гродна Плюс».

Гродзенскую абутковую фабрыку «Нёман» у траўні 2022 года перадалі ва ўпраўленне прыватнай кампаніі «Белвест». Новыя кіраўнікі спадзяюцца, што пасля гэтага аб’ёмы выпуска абутку «Нёманам» вырастуць у два-тры разы.

Чытайце таксама: Забяспечыць замовамі і павялічыць заробак. Як «Белвест» плануе адраджаць гродзенскі «Нёман»

Падзяліцца

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024