Каранік расказаў, што турыстаў на Гродзеншчыне стала ў 10 разоў больш. Але з лічбамі нешта не так

Дзякуючы бязвізу Гродзенскую вобласць у 2022 годзе наведала ў 10 разоў больш турыстаў, чым у 2021. Пра гэта расказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік на прэс-канферэнцыі ў Мірскім замку 2 лютага 2023 года. Але абсалютная лічба турыстаў выклікае пытанні.

Група турыстаў на вуліцы Савецкай у Гродне. Фота: Hrodna.life

У матэрыяле, які апублікавалі «Гродзенская праўда» і некаторыя іншыя дзяржаўныя рэсурсы, сцвярджаецца, што ў 2022 годзе на Гродзеншчыну прыехала больш 3200 чалавек. Але гэта падазрона малая лічба. У снежні 2022 лічбу адных толькі жыхароў Еўрасаюза, якія прыехалі ў Беларусь ад пачатку бязвізу, ацэньвалі ў 370 тыс. Гэта ўжо ў 115 разоў больш, чым лічба, якую назвалі дзяржаўныя медыі.

Магчыма, гэта проста памылка. АНТ у амаль ідэнтычным сюжэце не назваў абсалютную лічбу турыстаў, заявіўшы толькі пра рост у 10 разоў.

Што яшчэ мог мець на ўвазе Каранік? Магчыма, гаворка ішла пра так званы арганізаваны турызм. Паводле дадзеных Галоўнага статыстычанага ўпраўлення Гродзенскай вобласці, у 2021 турыстычныя арганізацыі рэгіёна абслужылі 301 чалавек, якія прыехалі з-за мяжы. Гэта значыць, турысты, напрыклад, заказалі экскурсію ў адной з турфірм вобласці. Тады лічбы сходзяцца: 3200 гэта прыкладна ў 10 разоў больш, чым 301. Але гэтыя лічбы не маюць нічога агульнага з рэальнай колькасцю замежнікаў, якія прыязджалі на Гродзеншчыну.

Турысты вывозяць паліва

Бязвізавыя турысты павялічылі прыбытак вобласці ад турыстычных паслуг амаль на $ 12 млн, заявіў Каранік.

«Мы бачым, што ў прыгранічных населеных пунктах назіраецца рост тавараабароту. Ідзе павелічэнне спажывання паліва паблізу межаў. Гэта ў любым выпадку дае станоўчы эканамічны эфект як для прадпрыемстваў паасобку, так і ў цэлым для эканомікі вобласці», — сказаў Уладзімір Каранік.

Бязвізавы рэжым увялі з 15 красавіка 2022 года для грамадзянаў Літвы, Латвіі і неграмадзян Латвіі. З 1 ліпеня 2022 года бязвіз увялі для грамадзянаў Польшчы. Мэтай бязвіза назвалі падтрыманне добрасуседскіх адносін. Але незадоўга да ўвядзення першага «бязвізу» Польшчу, Літву і Латвію прызналі «несяброўскімі» дзяржавамі.

Колькі турыстаў прыязджала раней

Агулам з 15 красавіка 2022 года па 3 студзеня 2023 года бязвізам скарысталіся больш за 386 тыс. чалавек. Але далёка не ўсе з іх даехалі да Гродна. За дзесяць месяцаў 2022 года ў Гродна прыехалі каля 50 тыс. турыстаў, але толькі траціна з іх былі бязвізавымі. Многія бязвізавыя турысты ў 2022 годзе даязджалі толькі да бліжэйшай заўпраўкі і крамы, каб набыць таннае паліва і прадукты. пасля чаго вярталіся ў сваю краіну.

Чытайце таксама: Стала вядома, колькі турыстаў наведала Гродна з пачатку 2022 года. Лічбы далёкія ад рэкордных

Актыўна падлічваць турыстаў у Гродне пачалі з 2016 года, калі запрацаваў бязвізавы рэжым уезду для грамадзян Еўрасаюза і шэрагу іншых краін. У 2016−2017 гг. рэгіён без візы наведалі каля 55 тыс. замежнікаў. У 2018 годзе іх колькасць ужо была большай за 70 тыс. чалавек.

У 2019 годзе ў Гродна толькі па бязвізе прыехалі 130 тыс. турыстаў. Яны выдаткавалі ў горадзе $ 3,5 млн. З улікам турыстаў з Расіі і тых, хто атрымліваў візу, лічбы павінны быць яшчэ большыя. Гэта быў рэкордны год для турызму ў Гродзенскай вобласці.У 2020 годзе бязвізавыя турысты з суседніх краін перасталі масава ехаць у Беларусь. Прычынай стала пандэмія каранавіруса. Нягледзячы на гэта ў горад па бязвізе прыехалі 22,6 тыс. чалавек. У 2021 годзе Гродна наведала толькі 48 бязвізавых турыстаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024