Навіны

Харасмент у грамадскім транспарце: чаму так часта здараецца і што з гэтым можна зрабіць

Харасмент — гэта абразлівыя паводзіны сэксуальнага характару, якія парушаюць асабістыя межы асобы. Калі хтосьці кранае іншага чалавека або пачынае весці размовы на тэмы датычныя сэксуальнага жыцця без дазволу — гэта харасмент. Некаторыя з нас сутыкаліся з тым, што, напрыклад, у аўтобусе хтосьці кранае нас за інтымныя часткі цела, ці на прыпынку грамадскага транспарту нейкі нецвярозы чалавек раптам кажа, што мы выглядаем сэксуальна. Такі нежаданы інтымны кантакт з незнаёмым чалавек парушае асабістыя межы. Часцей за ўсё з такім парушэннем межаў сутыкаюцца жанчыны.

25 лістапада пачалася штогадовая міжнародная кампанія «16 дзён супраць гендарнага гвалту». У гэтыя 16 дзён актывісткі па ўсім свеце ладзяць фестывалі, вулічныя акцыі, асветніцкія семінары і дабрачынныя зборы. 26 лістапада ў Вільні адбыўся фестываль «Невінаватая» — акцыя ў падтрымку людзей, якія перажылі хатні гвалт. У падкасце «Утульны горад» мы пагаварылі з арганізатаркай фестывалю Алінай пра тое, чаму з гвалтам можа сустрэцца і дома, і ў грамадскіх прасторах, і чаму часцей за ўсё гэты гвалт накіраваны ў бок жанчын.

Карані праблемы — у патрыярхальнай структуры грамадства

Паводле статыстыкі, якую агучыла Аліна, да 55% жанчын у еўрапейскім саюзе сутыкаліся з сэксуальнымі дамаганнямі ў грамадскім транспарце. У менш развітых рэгіёнах гэты працэнт вышэйшы. Напрыклад, больш за 64% жанчын у Мексіцы сцвярджаюць, што сутыкаліся з той ці іншай формай заляцання ў транспарце.

Справа ў тым, што жанчыны звычайна больш залежаць ад грамадскага транспарту. Адпаведна там, дзе больш жанчын у аўтобусах і тралейбусах, прапарцыйна расце і пагроза непажаданай увагі да іх. Карані гэтай праблемы палягаюць у патрыярхальнай культуры грамадства, якая дазваляе мужчынам парушаць цялесныя межы жанчын ці людзей іншых гендараў.

Грамадскі транспарт — месца надзвычай зручнае для заляцанняў. Людзі, якія аказваюцца ў адным тралейбусе, не ведаюць адно аднаго, не маюць аніякіх сувязяў. Чалавеку, які здзейсніў акт харасменту, нічога не замінае выйсці на бліжэйшым прыпынку — і ніхто не даведаецца, хто ён такі. Нават калі ў грамадскім транспарце ёсць камеры назірання, лёгка схаваць твар пад гігіенічнай маскай ці шалікам. У беларускіх умовах, калі большасць не давярае сілавым органам і не верыць, што зварот у міліцыю можа дапамагчы, людзі, якія здзяйсняюць гвалт, адчуваюць сябе абсалютна беспакаранымі.

Як змагацца з харасментам у грамадскім транспарце

Аднак Аліна лічыць, што сітуацыю можна палепшыць праз адмысловыя метады кіравання ў сферы грамадскага транспарту.

  • Па-першае, трэба праводзіць тлумачальныя кампаніі, каб як мага больш людзей разумелі, што такое харасмент і чаму гэта дрэнна. Даволі часта можна пачуць каментары кшталту: «Ну дакрануліся да цябе, што ў гэтым такога». Тлумачальныя кампаніі мусяць быць маштабнымі: сацыяльныя рэклама на білбордах, на экранах унутры аўтобусаў і тралейбусаў, відэа ў інтэрнэце і на тэлебачанні дапамогуць ахапіць як мага больш людзей.
  • Па-другое, транспартныя кампаніі мусяць праводзіць трэнінгі для супрацоўнікаў і супрацоўніц з тлумачэннем, што такое харасмент і што рабіць, калі ён здараецца.
  • Па-трэцяе, транспартным кампаніям патрэбныя прадуманыя інструкцыі, як і хто мусіць сябе паводзіць, калі адбыўся харасмент. Куды трэба звярнуцца асобе, якая пацярпела ад харасменту? Што варта рабіць кіроўцам, калі яны заўважылі, што хтосьці з пасажыраў заляцаецца да іншых? Што мусяць рабіць менеджары кампаніі, калі да іх звярнуліся са скаргай на харасмент? Адказы на гэтыя пытанні варта прадумаць кіраўніцтву кампаніі, а затым зафіксаваць у інструкцыях і зрабіць так, каб гэтыя схемы паводзін засвоілі іх супрацоўнікі і супрацоўніцы ды пасажыры і пасажыркі.

Апошнія запісы

Новы будынак у цэнтры Гродна — пад Новым замкам — адбудуюць паводле гістарычнага выгляду

Будынак праектуюць на набярэжнай проста пад Новым замкам, каля існага бізнес-центра на вул. Завадской, 13.…

17 мая 2024

Прарэктара з Гродна аштрафавалі за прусакоў у інтэрнаце

На кухні двух інтэрнатаў навучальнай установы ў Гродне знайшлі прусакоў. Іх выявілі пры правядзенні кантролю…

16 мая 2024

У Гродна новы горад-пабрацім. Чым ён вядомы?

Гродна і азербайджанскі горад Габала сталі гарадамі-пабрацімамі. Дамоўленасць пра гэта павінна вывесці супрацоўніцтва на новы…

16 мая 2024

У Гродне ўпершыню пройдзе гарадскі выпускны: калі і дзе?

Гарадскі выпускны ў Гродне ўпершыню пройдзе 14 чэрвеня. Месцам святкавання выбралі Савецкую плошчу. Падчас свята…

16 мая 2024

У Слоніме загарэўся разметачны аўтамабіль дарожнікаў - працоўны загінуў

У Слоніме памёр 26-гадовы працоўны, які пацярпеў пры пажары дарожна-разметачнай машыны. Яго адзенне загарэлася ад…

16 мая 2024

Дыджэй з Гродна выступіць на дабрачынным фэсце ў Варшаве — каб дапамагчы дзецям палітвязняў

Дыджэй з Гродна Schmoltz выступіць на дабрачынным фестывалі Belarus Outside Sound System. Там будуць збіраць…

16 мая 2024