Навіны

У школе Гродна збіраюць прысмакі для дзяцей Данбаса. Ініцыятар — фонд прарасійскага актывіста Талая

У Гродна 12 снежня прыязджае Аляксей Талай. У сувязі з яго прыездам бацькам гродзенскіх школьнікаў прапануюць паўдзельнічаць у «тэрміновым зборы дапамогі дзецям Данбаса» для фонду Талая. Прыносіць просяць прысмакі і сродкі асабістай гігіены.

Інфармацыя пра «тэрміновы збор» з’явілася ў бацькоўскіх чатах Гродна. Рэчы збіраюць у школе № 15 на вул. Міру да 11 снежня. У траўні 2023 года Талай прыязджаў на адкрыццё ў гэтай школе мурала савецкаму генералу Д.М. Карбышаву.

12 снежня ў Гродзенскай абласной філармоніі пройдзе «Урок мужнасці» з Аляксеем Талаем пад лозунгам «Зрабі правільны выбар». На сустрэчу запрашаюць моладзь.

Хто такі Талай і пры чым тут дзеці Данбаса

Аляксей Талай — паралімпіец, шматдзетны бацька і праўладны актывіст. У 2018 годзе заснаваў дабрачынны фонд імя Аляксея Талая для дапамогі людзям з інваліднасцю, цяжкахворым людзям, дзецям, якія засталіся без бацькоў. Талай актыўна падтрымлівае ўладу Лукашэнкі і «рускі свет». Ездзіць па гарадах Беларусі з матывацыйнымі выступамі.

Талай неаднаразова наведваў акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны і лічыць іх часткай Расіі. Вывозіць адтуль у Беларусь украінскіх дзяцей нібыта на аздараўленне. За гэта Украіна ўвяла супраць яго персанальныя санкцыі. 8 снежня ён расказаў, што стаў ганаровым сябрам Беларускага Чырвонага Крыжа. Раней, 1 снежня, Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства беларускай арганізацыі. Прычынай стала адмова звальняць з пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, таксама датычнага да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей.

Аляксей Талай на Данбасе. Фота: Sputnik

Менавіта з-за падазрэння ў незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародны ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Незаконны вываз непаўналетніх ад іх бацькоў, блізкіх і апекуноў лічыцца ваенным злачынствам. У Расіі дзяцей спрабуюць прывучыць любіць Расію і Пуціна. На жнівень 2023 года было вядома пра вываз больш як 19 000 украінскіх дзяцей. Аляксей Талай заяўляў, што ўсе вывезеныя ў Беларусь дзеці тут не застаюцца.

У жніўні разам з Беларускім саюзам жанчын Талай пачаў праект для інфармавання «аб сітуацыі ў пацярпелых ад ваенных дзеянняў рэгіёнах Данбаса» і «аказання пасільнай дапамогі жыхарам і ў першую чаргу дзецям Данбаса». Апошні раз прыязджаў у Гродна ў верасні, да гэтага — у траўні 2023 года.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Сцяг Перамогі над драмтэатрам, каша ў кубачках і сплаў з партрэтамі. Як Гродна адзначыў Дзень Перамогі

Святкаванне Дня Перамогі ў Гродне пачалі з акцыі "Беларусь памятае" - шэсця з партрэтамі ўдзельнікаў…

10 мая 2024

Новы экстрым у Гродне: каля гандлёвага цэнтра катаюць на дрыфт-трайках

Частку ўнутранай паркоўкі гандлёвага цэнтра OldCity аддалі пад арэнду дрыфт-трайкаў. Пакатацца за плату зможа любы ахвочы,…

9 мая 2024

Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня

У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі - на гэты раз…

9 мая 2024

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію

Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 траўня ў…

8 мая 2024