Навіны

«Выйсці з пад’езда немагчыма». Жыхары Дзевятоўкі супраць новага дома

У Гродне прайшло грамадскае абмеркаванне праекта новага дома на Дзевятоўцы на вуліцы Курчатава. На прэзентацыі праекта будучыя суседзі паскардзіліся, што і без яго не могуць выйсці з пад’езда — іх двор выкарыстоўваюць як праязны па дарозе на рынак. Ёсць і іншыя праблемы: вада ў падвалах, адсутнасць парковак і дзіцячай пляцоўкі.

11-павярховы будынак з двума пад’ездамі збіраюцца пабудаваць у квартале паміж вуліцамі Курчатава, Ліможа, Брыкеля і Дзяржынскага, за падстанцыяй хуткай дапамогі на «Дзевятоўка-1». Адрас шматпавярхоўкі будзе вул. Курчатава, 3. Зараз там пустка, на якой мясцовыя жыхары паркуюць машыны. У новым доме будзе 80 кватэр, куды разлічваюць пасяліць 227 чалавек. Будаўніцтва зойме ўчастак плошчай 0, 73 га.

Заезды да новага дома хочуць арганізаваць з вуліц Дзяржынскага і Курчатава. Паркоўкі на 48 і 40 месцаў будуць з двух бакоў ад дома. Транзітны праезд праз жылую зону праект выключае. Асноўным хутчэй за ўсё будзе заезд з Курчатава, бо вуліца Дзяржынскага часта загружана. Спартыўную і дзіцячую пляцоўку збіраюцца размясціць за адной са стаянак, амаль у тарцы дома па вуліцы Курчатава, 28, адзначае «Вечерний Гродно». Гэта адзінае месца, вольнае ад камунікацый. З-за камунікацый і блізка размешчанага дзіцячага сада № 78 сам будучы дом не могуць нікуды перамясціць.

Усе едуць на рынак праз двор

Жыхары суседніх дамоў па Курчатава, 26 і Дзяржынскага, 125 баяцца, што новы дом прынясе ім шмат праблем. Каля іх дамоў ужо зараз ездзіць столькі машын, асабліва ў гадзіны пік, што немагчыма выйсці з пад’езда, паскардзіўся адзін з жыхароў на прэзентацыі праекта. Уся справа ў тым, што такім шляхам жыхары навакольных шматпавярховак едуць на размешчаны побач міні-рынак — так бліжэй. З гэтай праблемай звярталіся ў розныя інстанцыі, у тым ліку ў ДАІ, але рэакцыі так і не дачакаліся. Калі побач з’явіцца новы дом, сітуацыя толькі пагоршыцца. Адзін з мясцовых жыхароў прапанаваў зрабіць праезд да новага дома з боку Ліможа.

Размяшчэнне новага дома. Крыніца: grodno.gov.by

Вада ў падвалах

Яшчэ адна праблема, якую можа абвастрыць новы дом на Дзевятоўцы — навакольныя дамы падтапляе. На месцы, дзе плануюць забудову, доўгі час ужо быў катлаван пад будаўніцтва дома. У ім стаяла вада, і ён быў больш падобны на возера. Катлаван засыпалі, і вада пайшла ў падвалы суседніх дамоў.

«Потым пабудавалі новы дом вокны ў вокны, і мы зараз наогул як у Венецыі — вады стала яшчэ больш. Павінны ж быць дрэнажныя студні. А будзе гмах, зусім „паплывем“», — падзяліліся асцярогамі суседзі.

Няма парковак і дзіцячай пляцоўкі

Акрамя таго, мясцовым ужо не хапае парковачных месцаў. Пры суседніх новабудоўлях паставілі шлагбаумы. Калі на ўездзе на стаянку пры новым доме таксама паставяць шлагбаум, жыхарам Курчатава, 26 і Дзяржынскага, 125 не будзе дзе паставіць свае машыны. Яны просяць архітэктараў прадугледзець дадатковыя месцы і для іх.

Таксама яны баяцца, што на дзіцячую пляцоўку каля новага дома не будзе доступу жыхарам іншых дамоў - а ў іх дварах пляцовак няма. На Курчатава, 26 ёсць толькі пясочніцы, больш дзецям гуляць няма дзе.

Будучыя суседзі просяць пабудаваць новы дом на Дзевятоўцы не каля іх, а каля «Еўраопта» на Ліможа. На пустцы ж яны хутчэй гатовы самастойна пасадзіць дрэвы і ўладкаваць стаянку і дзіцячую пляцоўку.

Чытайце таксама: Спорную высотку у «Фиалки» построят в другом месте. Сработал «фактор Караника»?

Падзяліцца

Апошнія запісы

Беларуска распавяла ў сацсетках пра палюбоўніцу мужа — яе судзілі

Жыхарка Астраўца апублікавала ў "Аднакласніках" сумеснае фота палюбоўніцы з яе мужам. У подпісе да фота…

13 мая 2024

Рэйд сілавікоў на прадпрыемства, суд над непаўналетняй, хімія за паклёп на Лукашэнку. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

На шклозаводзе "Нёман" у Бярозаўцы прайшлі затрыманні. У Гродне за падпіскі ў Telegram судзілі непаўналетнюю.…

13 мая 2024

Урачы прыляцелі па санавіацыі. Што з дзяўчынкай, якая атрымала траўмы на атракцыёне ў Лідзе

Адзінаццацігадовая дзяўчынка, якая пацярпела на лідскім атракцыёне, знаходзіцца ў Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яе шпіталізавалі…

13 мая 2024

Былы палітвязень і яго жонка з Гродна адкрываюць у Вільні краму і творчую прастору

Гродзенцы Зміцер і Вольга Фурманавы адкрываюць у цэнтры Вільні краму і творчую прастору "Kropka". Там…

13 мая 2024

Штогод патрэбна 35−40 адзінак. Для Гродна закупляюць новы транспарт

Тры новыя тралейбусы з запасам аўтаномнага ходу да 20 км ужо паступілі ў Аўтобуснае ўпраўленне…

10 мая 2024

Сцяг Перамогі над драмтэатрам, каша ў кубачках і сплаў з партрэтамі. Як Гродна адзначыў Дзень Перамогі

Святкаванне Дня Перамогі ў Гродне пачалі з акцыі "Беларусь памятае" - шэсця з партрэтамі ўдзельнікаў…

10 мая 2024