Навіны

Гродзенцы хочуць ведаць, куды знікла шыльда ў гонар Касцюшкі: стварылі петыцыю ў гарвыканкам

Гродзенцы патрабуюць ад чыноўнікаў растлумачыць, куды знік памятны знак, прысвечаны побыту ў Гродне нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі. Ён 30 гадоў вісеў на сцяне Новага замка, а ў красавіку 2024 раптоўна знік. Зварот размясцілі на сайце Petitions.by.

Мемарыяльная шыльда, якая знікла са сцяны Новага замку. Фота: vedi.by

Подпісы збіраюць да 8 траўня 2024 года. «Мы лічым, што дэмантаж дошкі негатыўна паўплывае на турыстычны патэнцыял Гродна, абядняе нашую гісторыю, ідзе ў разрэз з прынятымі канцэпцыямі развіцця турызму і гасціннасці Беларусі», — напісалі аўтары петыцыі.

Яны просяць растлумачыць, куды і чаму знікла памятная дошка, а таксама ў якія тэрміны яе плануюць вярнуць на месца. На думку аўтараў петыцыі, візіт Тадэвуша Касцюшкі - важны момант у гісторыі Новага замка, пра што расказвае кожны экскурсавод Гродна. «Самастойныя ж турысты маглі дзякуючы памятнай дошцы і без экскурсавода даведацца пра гэты адметны факт», — тлумачаць аўтары ў тэксце зварота.

Месца, дзе была шыльда, прысвечаная Касцюшку.
Крыніца: Facebook Ales Kirkevicz

Што адбылося?

У красавіку 2024 года са сцяны Новага замка знікла памятная дошка ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Дошку ўсталявалі ў 1994 годзе да 200-годдзя паўстання. Шыльда размяшчалася злева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была прысвечана падзеям паўстання 1794 года. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, быў там і кіраўнік паўстанцаў Тадэвуш Касцюшка. 29 верасня 1794 года ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага.

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746−1817) нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў Мерачоўшчыне каля Косава (тады Слонімскі павет, сёння Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, нацыянальны герой Беларусі, ЗША, Літвы і Польшчы, ганаровы грамадзянін Францыі. Удзельнік змагання Рэчы Паспалітай з Расіяй і Прусіяй і вайны за незалежнасць ЗША. Лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай супраць расійска-прускай акупацыі краіны.

Сярод удзельнікаў урачыстага адкрыцця дошкі ў 1994 годзе была першая амбасадарка Польшчы ў незалежнай Беларусі - Альжбета Смулкова.

Чытайце таксама: У Гродне з Новага замка прыбралі мемарыяльную шыльду Касцюшкі

Падзяліцца

Апошнія запісы

Ад 5000 да 37 000 еўра: у гістарычным цэнтры Гродна прадаюць памяшканні пад бізнес

Тры памяшканні ў будынках са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці ў самым цэнтры Гродна і яшчэ адно…

6 мая 2024

Памятаеце вінны бар «Чырвоным па белым»? Ягоная ўладальніца адкрыла італьянскую кавярню ў Скідалі - і вось як ідуць справы

Мінчанка Вера Таратухіна тры гады кіравала папулярным у Гродне вінным барам "Чырвоным па белым" (пазней…

6 мая 2024

Стала вядома, які расіянін выкупіў сінагогу ў Слоніме. Прыбыткі яго кампаніі вылічваюцца мільёнамі еўра

Будынак былой сінагогі ў Слоніме выкупіў дырэктар расійскага акцыянернага таварыства “Агенцтва Развіцця Перспектыўных Тэхналогій” (АРПТ).…

6 мая 2024

Затрыманні ў Лідзе, завочныя суды, абскарджанне штрафу. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Лідзе прайшлі масавыя затрыманні на дзяржпрадпрыемствах і прыватных фірмах. Трох гродзенцаў будуць судзіць завочна.…

6 мая 2024

Кампазітара родам з Гродна ўзнагародзілі найвышэйшым ордэнам Польшчы

Ураджэнца Гродна кампазітара Ежы Максімюка ўзнагародзілі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы – ордэнам Белага Арла. Гэта…

6 мая 2024

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024