Навіны

Затрыманне студэнта, памілаваны і адмена мерапрыемстваў. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Студэнта з Гродна затрымалі за каментары. Па памілаванні на волю выйшаў 74-гадовы палітвязень Барыс Кучынскі са Слоніма. У Гродне адмянілі лекцыю пра магію — напярэдадні на яе паскардзілася Вольга Бондарава. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 30 верасня па 6 кастрычніка.

Цэнзура лістоў

Некалькі лістоў палітвязня Дзяніса Івашына і лістоў, адрасаваных яму, не прайшлі цэнзуру, паведаміла яго жонка Вольга. Таму ў перапісцы адбыўся перапынак.

Дзяніс Івашын. Фота: novychas.by

У Гродне асудзілі айцішніцу, якая вярнулася ў Беларусь

Айцішніцу Лізавету Макрыдзіну пачалі судзіць 23 ліпеня паводле арт.342 ч. 1 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.

1 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе праходзіць абскарджанне справы Лізаветы Макрыдзінай. Суддзя — Аляксандр Козел. Гэта значыць, што прысуд ужо вынесены — які, пакуль невядома.

Лізавета працавала ў ІТ-кампаніі SENLA. У Польшчу, верагодна, з’ехала пасля пачатку вайны ва Украіне. Потым вярнулася ў Гродна і была затрыманая.

Лізавета Макрыдзіна. Фота:"Наша Ніва"

Мясцовы культурна-асветніцкі дабрачынны фонд «Кіслеў» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі

Пасяджэнне аб ліквідацыі па іску Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама прайшло 16 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Арганізацыя працавала з 2018 года. Яна была зарэгістравана на вул. Вялікая Траецкая, д. 59А — гэта адрас сінагогі ў Гродне — і прасоўвала яўрэйскую культуру і гісторыю.

Палітзняволенай Вольгі Маёравай дадалі тэрмін

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля ў сакавіку 2024 года над Вольгай Маёравай адбыўся суд паводле ч.2 арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі». Суддзя Ганна Сакалова прызнала жанчыну вінаватай і прызначыла ёй яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да 20 гадоў калоніі.

Вольга ўжо адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 24 У Зарэччы, піша «Вясна».

Вольга Маёрава. Фота: «Вясна»

Былыя палітвязні

Юрый Піваварчык з Ваўкавыска, Яўген Іваноўскі з Гродна 2 кастрычніка прызнаны былымі палітзняволенымі.

Новая экстрэмісцкая інфармацыя

Суд Ленінскага раёна Гродна 1 кастрычніка прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал «КАРБАЛЕВИЧ».

Па памілаванні на волю выйшаў 74-гадовы палітвязень Барыс Кучынскі са Слоніма

74-гадовы Барыс Кучынскі, палітвязень са Слоніма, выйшаў на волю па памілаванні з бабруйскай калоніі № 2. Пра гэта паведамляе «Медыязона» са спасылкай на знаёмых з сям’ёй Кучынскага.

Мужчына быў вызвалены 20 жніўня, аднак гэтая інфармацыя стала вядомая толькі цяпер.

Кучынскага асудзілі 10 лістапада 2022 года ў судзе Слонімскага раёна на тры гады хатняй хіміі за «абразу прадстаўніка ўлады» і «незаконныя дзеянні з персанальнымі звесткамі». Падставай для абвінавачвання стаў лайк у «Аднакласніках» пад пастом аб участковым інспектары міліцыі АУС Ваўкавыска Віктары Лутчанка ў пабліку «Гродненская область. Перемен».

Кучынскаму таксама быў прызначаны штраф у памеры 4 800 рублёў і кампенсацыя маральнай шкоды міліцыянту Лутчанку на суму 5 000 беларускіх рублёў.

Першапачаткова дзяржабвінавачанне патрабавала два гады пазбаўлення волі. Пасля апеляцыі, пададзенай пракуратурай, Гродзенскі абласны суд у студзені 2023 года змяніў прысуд, прызначыўшы Кучынскаму два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Барыс Кучынскі. Фота: «Гарадзенская вясна»

Новыя «экстрэмісты»

Рукшта Юрый Міраслававіч і Бародзіч Аляксандр Віктаравіч з Гродна 4 кастрычніка папоўнілі спіс «экстрэмістаў».

Жыхара Гродзенскай вобласці затрымалі за каментары ў адрас сілавікоў

Аб гэтым паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сілавікі выклалі «пакаяннае відэа» з 45-гадовым жыхаром Гродзенскай вобласці, дзе ён кажа, што пакідаў каментары ў Telegram-чаце. Яму пагражаюць трыма крымінальнымі справамі.

Затрыманы ў Гродне. Фота: «Вясна»

У Гродне адмянілі лекцыю пра магію — напярэдадні на яе паскардзілася Вольга Бондарава

У пабе Harats на Карла Маркса, 24 адмянілі «Вечар беларускай магіі», запланаваны на нядзелю, 6 кастрычніка. Весці яго павінна была біблеістка, філосаф, супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук Ірына Дубянецкая. Напярэдадні ў сваім Telegram-канале на даследчыцу паскардзілася праўладная актывістка Вольга Бондарава.

Футбаліста «Нёмана», які пнуў банер у час матчу, дыскваліфікавалі

Нападнік «Нёмана» Ягор Зубовіч не выйдзе на футбольнае поле ў наступнай гульні. Яго дыскваліфікавалі на адзін матч за інцыдэнт з банерам, які адбыўся 29 верасня. Тады футбаліст раззлаваўся і пнуў шчыт з надпісам «80 лет освобождению от немецко-фашистских захватчиков». Ён прабіў у банеры дзірку — эпізод трапіў на тэлебачанне.

Фрагмент відэа Гродзенскага футбаліста. Скрыншот Hrodna.life

Працяг гісторыі з плантацыяй цыбулі нямецкага дэпутата пад Лідай

Стала вядома імя чалавека, які падпісваў дагавор падраду з ТАА «Цыбулька-Бел», каб пастаўляць зняволеных для працы на гаспадарцы. Reform.news апублікаваў адказы на шэраг пытанняў, якія тычыліся расследавання аб бізнесе нямецкага ўльтраправага дэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Ёрга Дорнаў у Лідзе. Hrodna.life прыводзіць асноўныя тэзісы публікацыі.

Уладальнікі плантацыі пад Лідай Ёрг Дорнаў і Юрый Куніцкі. Фота: sb.by

Прадстаўнік РПЦ, які раней ездзіў у Марыупаль, зладзіў тур па Гродзенскай вобласці

Студэнты ГрДМУ сустрэліся са святаром Рускай праваслаўнай царквы архімандрытам Мелхіседэкам (Арцюхіным). Заехаў святар і ў Лідскую дзіцячую школу мастацтваў — там ён сустракаўся з прыхаджанамі храмаў Ліды. У сваіх інтэрв'ю Мелхіседэк распавядаў, што раней наведваў шпіталь у Марыупалі, дзе знаходзіліся расійскія ваенныя.

Архімандрыт Мелхіседэк (Арцюхін) на сустрэчы з студэнтамі ГрДМУ. Фота: grsmu.by

Студэнта з Гродна затрымалі за каментары

Студэнта чацвёртага курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы затрымалі за каментары. У іх ён нібыта ўхваліў дзеянні нападніка на міліцыянта ў Магілёве. Што хлопец напісаў, не паказалі.

Затрыманне студэнта. Скрыншот Hrodna.life
Падзяліцца

Апошнія запісы

Новыя сцены і жалезная брама. Як зараз выглядае Навагрудскі замак: фота

У Навагрудку завяршаецца пяты этап рэканструкцыі замка. Тут з'явіліся фартыфікацыйныя сцены з высокай металічнай брамай…

4 лістапада 2024

21-гадовага курсанта з Гродна асудзілі на 15 гадоў за «здраду дзяржаве»

Курсанта Акадэміі МУС, 21-гадовага Іллю Нарышкіна, асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага…

4 лістапада 2024

У Гродне прадаюць воданапорную вежу ў новым мікрараёне — там можна адкрыць кафэ

У Гродне на продаж выставілі старую воданапорную вежу ў мікрараёне Фолюш. Паводле ўмоў аўкцыёна, там…

4 лістапада 2024

Выпускніца гродзенскага меда і дзіцячы рэаніматолаг любіць Гродна і хоча спальваць яўрэяў у печах

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг з 3-й мінскай дзіцячай бальніцы публікавала ў Х (Twitter) пасты пра сваю нянавісць да…

4 лістапада 2024

Дзеці па цукеркі не пайшлі, а дарослыя пераапрануліся ў вампіраў. Як адзначылі Хэлоўін у Гродне (нягледзячы на ​​забароны)

Пасля негалоснай забароны на правядзенне свята ў Беларусі буйныя вечарынкі напярэдадні Дня ўсіх святых амаль…

1 лістапада 2024

Былому дырэктару шклозавода «Нёман» далі 12 гадоў калоніі за дзяржздраду

Былога дырэктара шклозавода "Нёман" і дзяржаўнага функцыянера Ігара Бацяна прыгаварылі да 12 гадоў калоніі па…

1 лістапада 2024