Дашкольнікам я вельмі любіў дэталі святочных плакатаў. 7 лістапада ў мяне асацыявалася з плакатамі ў гонар рэвалюцыі дзе былі гваздзікі, аўроры, Ленінграды, сцягі, ордэны. Толькі людзей не было.

Разглядаць плакаты — любіў, а святкаваць — не. Тры рэчы якія ставілі крыж на 7 лістапада для мяне.

Па-першае, у лістападзе было заўжды халадно. Дождж, вецер і вакол усё памірае. Якое тут свята?

Па-другое, гэты дзень немагчыма было адзначаць у хаце. Бацькоў гналі на дэманстрацыю. Не кідаць жа ш дзіцё адно ў хаце. Таму тата браў мяне з сабой. Адразу пасля праходу па плошчы яны — мантажнікі, кранаўшчыкі, тынкоўшчыкі - сядалі дзе знаходзілі з гарэлкай, пад прапахлы воцатам шашлык. А я некалькі гадзінаў чакаў канца. Свята.

Па-трэцяе, дзіцём я ніяк не мог уцяміць чаму свята, якое называлася Вялікі Кастрычнік выганялі адзначаць 7 лістапада. Адзінае вытлумачэнне для мяне было — каб было бліжэй да скону. Прыроды.

А дзве гваздзікі толькі падкрэслівалі мае здагадкі.

150 словаў пра эСэСэСэР. Любімы плакат на 7 лістапада