Гродзенская плошча 2006 года. Частка І. Першыя ластаўкі “рэканструкцыі”

|

У сярэдзіне 2000-х гг. Беларусь перажывала перыяд, які цяпер атрымаў ёмкую назву – “мядовыя гады”. Харошыя грошы, што паступалі ў краіну як кавалак расійскага нафта-газавага пірага, актыўна ішлі на так званыя “капітальныя ўкладанні”, што мела вынікам няспынны рост унутранага валавога прадукту краіны.

 

Будаўніцтва ў Беларусі заўсёды адносілася да ліку капітальных укладанняў, адпаведна фарміруючы выдатную статыстыку эканамічнага росту. А Гродзенская вобласць атрымала тады новага старшыню аблвыканкама Уладзіміра Саўчанку (папярэдні кіраўнік вобласці Аляксандр Дубко памёр у 2001 г.), які паспеў папрацаваць будаўнічым прарабам і кіраўніком дарожна-рамонтнага ўпраўлення Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці.

 

Адным словам, у адзіным парыве ў вобласці спалучыліся будаўнічае начальства і доступ да харошых бюджэтных сродкаў, якія Саўчанка мог “прабіць”.

 

На гэтым фоне з вясны 2005 г. у афіцыйных гродзенскіх СМІ з’явіліся артыкулы, дзе ў суперпазітыўным фоне апісвалася запланаваная рэканструкцыя Савецкай плошчы, якая павінна была вось-вось наступіць.  

 

Чаго толькі не абяцалі архітэктары гродзенцам у сувязі з запланавай рэканструкцыяй цэнтра горада. Напрыклад – прыбраць грамадскі туалет з-пад Фарнага касцёла ў іншае месца, паставіць помнік Кастусю Каліноўскаму і музеефікаваць падмуркі палаца Радзівілаў, якія планавалася накрыць шкляным калпаком і нават адчыніць недзе непадалёку кавярню.

 

Таксама ў 2005 г. на Савецкай плошчы пачаліся археалагічныя раскопкі, якія, аднак, зусім не адпавядалі па сваім маштабам заяўленым аб’ёмам работ на плошчы. Пры чым, археолагі не асабліва падтрымлівалі публічнае абмеркаванне пытанняў рэканструкцыі плошчы.

 

Большасць гродзенскіх гісторыкаў былі сур’ёзна занепакоены маштабам пачатай рэканструкцыі і, самае галоўнае, поўнай адсутнасцю галоснасці вакол гэтай падзеі. Асабліва прадстаўнікі старэйшага пакалення гісторыкаў прадбачылі, што ў Гродне паўтараецца перыяд брэжнеўскай рэканструкцыі канца 1960-х – першай паловы 1980-х гг., калі краіна таксама купалася ў нафтадоларах і ў ахвяру новабудам у горадзе была прынесена маса гістарычных будынкаў – карчма на скрыжаванні Сацыялістычнай і Ажэшкі, цэлы квартал дамоў за карчмой, уся даліна Гараднічанкі разам з шматлікімі будынкамі, многія з дамкоў тызенгаўзаўскіх майстроў на вуліцы Ажэшкі, кінатэатар “Спартак” на вуліцы Савецкай. Пікавай жа негатыўнай падзеяй рэканструкцыі 1980-х гг. стала руйнаванне гродзенскага чыгуначнага вакзала – першага вакзальнага будынка ў Беларусі.

 

У 2000-х гг. гістарычны цэнтар горада ўжо неяк ахоўваўся законам. Аднак было ясна, што маштабныя земляны работы на Савецкай прывядуць да вялікіх страт культурнага слоя, які ў прынцыпе аднавіць будзе нельга.

 

Прабіцца ў гродзенскія афіцыйныя СМІ ў 2005 – 2006 гг. было немагчыма, а ні “Пагоні”, ні “Біржы інфармацыі” ўжо не існавала. “Гродзенская праўда” з нумара ў нумар друкавала патрэты Уладзміра Саўчанкі, а адзіным артыкулам у гродзенскай афіцыйнай газеце, дзе ставілася пад сумніў мэтазгоднасць такой рэканструкцыі Савецкай плошчы, быў артыкул журналісткі Таццяны Вішнеўскай у “Перспектыве”. Ніжэй падаем некалькі прыкладаў такіх суперпазітыўных безальтэрнатыўных публікацый, дзе выказвалася выключна афіцыйная кропка погляду.

 

 

Але неяк трэба было рэагаваць на сітуацыю і вясной летам 2005 г. гродзенскі журналіст Валера Руселік напісаў некалькі артыкулаў, першы з якіх быў надрукаваны ў газеце “Дзень” 26 траўня 2005 г. фактычна як адказ на вышэйзгаданыя артыкулы ў “Вячэрнім Гродне” ды “Гродзенскай праўдзе”.

 

 

Аднак газета “Дзень” друкавалася ў Смаленску і да Гродна той нумар не даехаў, яго перахапілі супрацоўнікі органаў і пад нейкай нагодай канфіскавалі.

 

У кастрычніку 2005 г. спецыяльны нумар, прысвечаны Гродна, надрукавала “Наша Ніва”. Гэта былі бадай што адзіныя газетныя публікацыі 2005 года, дзе выказвалася прадчуванне, што горад знаходзіцца перад вялікай бядой.

 

Горадня падае SOS


Горадня працягвае змагацца

 

Работы на Савецкай плошчы аднавіліся ў першыя дні красавіка 2006 г. Ужо за некалькі сутак аб’ёмы земляных работ у разы пераўзышлі ўсе раскопы 2005 г. З зямлі тырчэлі рэшкі сярэднявечнай драўлянай маставой, слой выкапанага экскаватарамі культурнага пласта перавышаў 3-4 метры, з глыбіні ямаў неабыякавыя гродзенцы даставалі старажытныя люлькі, кафлю ды свісцёлкі-пеўнікаў.

 

Праведзены гродзенскімі гісторыкамі Ігарам Лапехам і Андрэем Вашкевічам аналіз знішчэнняў паказаў, што на Савецкай плошчы фактычна адбываецца археалагічная катастрофа.

 

 

Дзякуючы мінчукам і шырокаму грамадскаму розгаласу (пра становішча ў Гродне шмат пісала ў 2006 г. мінская газета “Турызм і адпачынак” – журналіст Л. Дрык) у Гродна ўдалося выклікаць спецыяліста міністэрства культуры Наталлю Хвір.

 

Гродзенскія актывісты рыхтаваліся да прыезду Наталлі Хвір. За адну ноч праграміст Юра Седзянеўскі зрабіў папку з матэрыяламі, дзе дакладна паказвалася, дзе і ў якіх месцах знішчаны культурны слой, раздрукаваныя адпаведныя фотаздымкі. Актывісты чакалі супрацоўніцу міністэрства на плошчы, але ранкам 14 красавіка Наталлю Хвір перахапілі ў раёне Скідзельскай шашы супрацоўнікі аблвыканкама і гарвыканама і ў сваім “суправаджэнні” павялі на плошчу. Невядома, якім быў бы рэзультат яе ацэнкі сітуацыі на Савецкай плошчы, але неабыякавыя гродзенцы ў прысутнасці журналістаў перадалі ёй усе матэрыялы і патлумачылі сітуацыю. Наталля Хвір забрала сабе папку, а прадстаўнікі ўлады Вольга Мацко і Сяргей Давыдзік пад аб’ектывамі фотатапаратаў перашкаджаць перадачы матэрыялаў не сталі.

 

Вынікам паездкі стала складзенае Наталляй Хвір і падпісанае намеснікам міністра культуры прадпісанне гродзенскім будаўнікам і ўладам прыпыніць усе работы да моманту ўзгаднення адпаведнай дакументацыі і правядзення археалагічных работ. Як высветлілася, у гродзенскіх археолагаў на той момант не было нават дазволу на археалагічныя работы. Ніжэй падаецца фотакопія прадпісання Н. Хвір.

 

 

 

Па-сутнасці гэта быў абвінаваўчы дакумент, які ў іншых умовах павінен быў стаць матэрыялам для распачынання крымінальнай справы за знішчэнне культурнага слоя. Аднак, нягдзечы на ўсе пазнейшыя звароты, пракуратура не толькі не распачала крымінальную справу, але проста перасылала ўсе звароты гарадскім уладам. Тыя адпісваліся – усе парушэнні выпраўленыя! Быццам можна аднавіць культурны слой на сотнях квадратных метраў плошчы!

 

Згадаем таксама, што гродзенскія гісторыкі Андрэй Чарнякевіч, Андрэй Вашкевіч і Ігар Лапеха арганізавалі збор подпісаў і падалі ў пачатку красавіка 2006 г. зварот у гарвыканкам з прапановай пачаць шырокую дыскусію аб шляхах рэканструкцыі Гродна, даць магчымасць выказвацца на старонках газет не толькі прадстаўнікам аднаго боку. Адказ, які прыйшоў больш чым праз месяц, сцвярджаў, што дыскусія даўно вядзецца. У якасці доказу прыводзіліся апалагетычныя артыкулы ў афіцыйных газетах.

  

Гродзенская плошча 2006 года. Частка ІІ. 18 красавіка, скокі пад бульдозер і як усё вырашыла “тэлефоннае права”

 

 

Першае фота: ais.by