Турэцкая аб’яднаная прамысловая зона «Ікіцеллі» (ISKOBIR) вывучае патэнцыял размяшчэння вытворчасцей у СЭЗ «Гроднаінвест», паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны.

Кіраўніцтву найбуйнейшай прамысловай зоны ў Стамбуле прадстаўлены магчымасці стварэння вытворчай пляцоўкі на участках СЭЗ у Гродзенскай вобласці. Зямельныя ўчасткі для спецыяльнай зоны турэцкіх інвестыцый падабраны ў Гродне, Лідзе, Смаргоні.

«Мы прапануем размясціць вытворчасці ў складзе аднаго з сямі кластараў «Гроднаінвест» (дрэваапрацоўкі, металаапрацоўкі і машынабудавання, хімічнай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці, АПК, лёгкай прамысловасці, лагістыкі або турызму). Гэта напрамкі, для якіх у рэгіёне ёсць перадумовы развіцця: сыравінная база, якарны інвестар, вопытныя кадры і іншыя фактары. Зона турэцкіх інвестыцый можа быць створана ў адным ці адразу некалькіх кластарах, яе рэзідэнты будуць карыстацца ўсімі належнымі прэферэнцыямі, уключаючы льготны падатковы, мытны рэжымы, — адзначае намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Гроднаінвест» Дзмітрый Ражкоў. — Для рэалізацыі праекта па стварэнні зоны турэцкіх інвестыцый «Гроднаінвест» зацікаўлена ў буйным інвестары, якім з’яўляецца «Ікіцеллі». Гэтая кампанія ўжо мае досвед стварэння пляцовак у іншых краінах і цяпер зацікаўлена ў развіцці вытворчасцей у краінах еўрапейскіх. Яна разглядае магчымасць інвесціравання ў «Гроднаінвест» і СЭЗ «Магілёў».

Зараз вядуцца перамовы. Чакаецца візіт прадстаўнікоў турэцкай Аб’яднанай прамысловай зоны «Ікіцеллі» ў гродзенскую СЭЗ для азнаямлення з патэнцыяльнымі пляцоўкамі і абмеркавання рэалізацыі праекта па стварэнні індустрыяльнага парка. Прамысловая зона «Ікіцелі» з’яўляецца адной з вядучых у Турцыі. У СЭЗ «Гроднаінвест» зараз дзейнічае 75 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў.