Гродзенскія актывісты, якіх 14 сакавіка будуць судзіць за ўдзел у акцыі супраць Дэкрэту № 3, якая прайшла ў Гродне 19 лютага, запрасілі польскага і літоўскага консулаў на суд. Актывісты лічаць, што штрафамі справа не абыйдзецца і ім дадуць некалькі сутак адміністрацыйнага арышту. На правядзенне Маршу недармаедаў 15 сакавіка гэта ніяк не паўплывае, кажуць яны — народ самаарганізуецца і знойдзе лідараў.

Консулаў заклікаюць наведаць суд 14 сакавіка і Марш недармаедаў 15 сакавіка ў парку Жылібера з мэтай «маніторынгу сітуацыі, якая склалася ў Беларусі», каб яны данеслі сваё меркаванне і бачанне да структур Еўрасаюза. Зварот падпісалі прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Грамада» і Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі.

— На дадзены момант больш за 50 актывістаў і лідараў партый арыштаваныя ці знаходзяцца пад вартай, — кажа Сяргей Верамеенка з БХД. — Мы хочам выкарыстаць усе магчымыя шляхі, каб прыцягнуць увагу да гэтай сітуацыі. Прадстаўнікі консульстваў, калі прыйдуць, вельмі нас падтрымаюць. Няма спадзеву, што мы абыдземся штрафамі. Самых актыўных будуць саджаць.

гродзенскія актывісты марш нетунеядцаў (8)

Сяргей лічыць, што пры консулах ім хаця б не дадуць надта вялікія тэрміны. Бо ім могуць даць і 15 сутак, каб перашкодзіць правядзенню чарговай акцыі 25 сакавіка ў Мінску і 26 сакавіка ў рэгіёнах.

[irp posts="15 100″ name="Пытанняў больш, чым адказаў. Гарадскія ўлады сустрэліся з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл"]

Вадзім Саранчукоў з БНФ лічыць, што механізм рэпрэсій запусцілі пасля круглага стала ў гарвыканкаме. А суды падкрэсліваюць неэфектыўнасць перамоваў і адсутнасць дыялогу паміж уладай і грамадскімі актывістамі. Ён лічыць, што прысуд будзе накіраваны на тое, каб максімальна ізаляваць людзей, якія могуць кіраваць пратэстам 15 сакавіка. Але, нягледзячы на гэта, мітынг адбудзецца, а суды толькі выклічуць абурэнне людзей. Вадзім заклікае кожнага праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю і быць гатовым заняць месца лідара.

гродзенскія актывісты марш нетунеядцаў (6)

Агульная пазіцыя прадстаўнікоў дэмакратычных сіл на судзе будзе наступнай: Дэкрэт № 3 антыканстуцыйны і павінен быць адменены, а права на пратэсты — неад’емнае права кожнага.

Прадстаўнікі дэмакратычных структур лічаць, што ў Гродне на Марш недармаедаў выйдзе не адна тысяча чалавек. Гэтаму паспрыяюць і мітынгі ў іншых гарадах.

— Грошы — першасная патрэба, — кажа Вадзім Саранчукоў. — Безумоўна, калі чалавеку няма чаго есці, ён выходзіць пратэставаць. Але практыка паказвае, што пратэсты не выключна фінансавыя, і нават з большага не фінансавыя. Людзей дастала сістэма кіравання ў краіне, беспрацоўе, палітычны тупік. Усё гэта цалкам перапоўніла чашу цярпення.

Сяргей лічыць, што роля рэгіёнаў можа быць вырашальнай у змаганні супраць Дэкрэта № 3. Сённяшняя сітуацыя вельмі падобная да снежаньскага пратэсту 2010 супраць вынікаў выбараў. Але калі тады ўсё было сканцэнтравана ў Мінску, сёння людзі выходзяць там, дзе яны знаходзяцца. Прадстаўнік БХД лічыць, што ўладзе не хопіць міліцыянтаў і камер, каб спыніць пратэст.

— Дэкрэт стаў апошняй кропкай і перапоўніў чаша трывання, — кажа Сяргей Верамеенка. — Нават калі нас ізалююць, мітынг адбудзецца, бо няма такой моцы, якая ізалявала б увесь народ. Добра, што галодны страўнік беларусаў стаў падставай не для некантраляваных бунтаў, а для абуджэння грамадзянскай і нацыянальнай свядомасці.

Актывісты кажуць, што перад акцыяй 19 лютага не было вялікай падрыхтоўкі і масавых запрашэнняў людзей, але людзі прыйшлі. Гэта паказвае пратэстны настрой, які сёння ёсць з-за тупіковай сітуацыі, якую кожны беларус адчуў на сабе. Тады акцыя была стыхійнай, не хапала візуальнай прадукцыі, гукаўзмацняльнікаў. Марш 15 сакавіка таксама будзе стыхійным, але актывісты лічаць, што народ сам прынясе неабходня сродкі тыпу ўзмацняльнікаў.

Гродзенскія актывісты не бяруцца казаць, ці будуць арышты удзельнікаў маршу, бо нельга сказаць, які сцэнар рухтуе ўлада. Сяргей Верамеенка кажа, што яму хацелася б верыць, што мітынгі - гэта пераломны гістарычны момант. Але шмат людзей яшчэ напалоханыя. Мітынгі - першы крок, пасля якога людзі выходзяць і становяцца лідарамі.