Каля 30 гродзенцаў сабраліся ў парку Жылібера ў нядзелю 26 сакавіка. Несанкцыянаваная акцыя прайшла без затрыманняў, але з папярэджаннямі супрацоўнікаў міліцыі.

У 12.00 у парку Жылібера пачалі збірацца людзі. Доўгі час яны стаялі дробнымі групкамі, але потым сабраліся і сталі абмяркоўваць набалелыя пытанні. Галоўнай тэмай спантаннага сходу сталі жорсткія затрымання на Дні Волі ў Мінску, а таксама падаткі i жыццё ў краіне. Прыйшлі людзі розных узростаў, пры гэтым — зусім не прадстаўнікi апазіцыі, а самыя звычайныя гараджане.

У парку сабралася таксама шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Праз нейкi час да людзей падышлі супрацоўнікі ў форме і праз рупар абвясцілі, што трэба разыходзіцца, бо акцыя несанкцыянаваная. Але патрабаванні супрацоўнікаў мiлiцыi гараджан не напалохалі, у адказ людзі крычалі: «Фашысты!»

У цэлым сход наведала каля 30 гродзенцаў
У цэлым сход наведала каля 30 гродзенцаў
На сходзе мужчына на выгляд 45-ці гадоў не баяўся смелых выказванняў і раскрытыкаваў цяперашнюю ўладу.

«Людзі не выйшлі сёння ў Гродне, таму што Лукашэнку ўдалося запалохаць народ. Паглядзіце, што ў Мiнcку ўчора было. Але мне здаецца, гэта толькі часова. А далей будзе што будзе. Іншага выхаду няма — мяняць уладу трэба абавязкова. Мы не баімся і наогул чаго нам баяцца? Ён кажа дэмакратычная дзяржава, дык, а дзе яна? Зараз народ павінен зрабіць выбар, бо выдалася магчымасць: ці быць быдлам, цi быць нацыяй, гэта адно з двух — трэцяга не дадзена».

На сход прыйшоў і студэнт аднаго з каледжаў горада, які распавёў, што выкладчыкі ўбачылі яго на фотаздымках з мітынгу 15 сакавіка. Цяпер стаіць пытанне аб выключэнні яго з навучальнай установы.

«Я дарослы, паўнагадовы хлопец, лічу, што маю права быць на такіх мерапрыемствах. І ніхто не павінен казаць, што і як нам рабіць».

Сяргей, па адукацыі журналіст, даведаўся пра сход з інтэрнэту. Але ў гэты дзень ён сабраўся не асвятляць падзею, а проста пагутарыць з людзьмі.

Сяргей трымае дыплом аб заканчэнні гродзенскага ўніверсітэта.
Сяргей трымае дыплом аб заканчэнні гродзенскага ўніверсітэта.
«Я скончыў журфак і прыйшоў сёння паглядзець на акцыю. Хачу паспрабаваць сябе не ў ролі журналіста, а ў ролі акцiянiста. Я абвяшчаю забастоўку дзяржаўным СМІ, дзе адна хлусня і прапаганда, і я не хачу там працаваць».

Праз 20 хвілін да прысутных у парку Жылібера зноў падышлі супрацоўнікі міліцыі, якія ў чарговы раз папярэдзілі гараджан аб парушэнні заканадаўства. На гэты раз міліцыянты сказалі, што калі людзі на разыйдуцца будзе прымененая фізічная сіла.

Гараджане яшчэ каля 8 хвілін абмяркоўвалі праблемы ў краіне. Cярод гэтых людзей была і сям’я — бабуля, мама і дачка — яны сказалі, што разгону не баяцца і сыходзіць нікуды не збіраюцца, бо жыць стала немагчыма.

Гродзенцы перастаюць баяцца
Гродзенцы перастаюць баяцца
Але ўжо каля 13.20 людзі параіліся і вырашылі разысціся, каб пазбегнуць затрыманняў. Пра наступны сход яны нічога не казалі і скардзіліся, што вельмі цяжка знайсці інфармацыю аб запланаваных мітынгах, зборах і маршах. Пра затрыманні 26 сакавіка ў Гродне не паведамляецца.

[irp posts="16 730″ name="У Гродне адзначылі Дзень Волі"]