Грамадзянка Беларусі спрабавала выехаць з Польшчы праз пункт пропуску ў Баброўніках. Польскія памежнікі высветлілі, што яе румынскія дакументы — фальшыўка. Жанчына атрымала не толькі забарону на ўезд у ЕС, але і вялікі штраф, паведаміла Катажына Здановіч, прэс-сакратар Падляшскага аддзялення польскай памежнай службы.

Беларуска купіла ў Германіі румынскі пашпарт, каб пазбегнуць праблем на мяжы. Не дапамагло
Фота: Straż Graniczna
Здарэнне адбылося 17 кастрычніка. Польскія памежнікі высветлілі, што жанчына паказала ім падробны румынскі ID. Яна патлумачыла, што купіла дакумент у Германіі і хацела на яго падставе выехаць з Еўрасаюза. Яна баялася пакарання за тое, што знаходзілася ў ЕС даўжэй, чым ёй было дазволена.

За карыстанне падробнымі дакументамі і спробу пераходу мяжы нязгодна з правіламі пракуратура ў Беластоку прызначыла жанчыне штраф 3000 злотых. Таксама ёй будзе забаронены ўезд у ЕС на тры гады.