Абласны этап конкурса адбыўся ў Гродне 20 снежня. Журы абрала восем каманд, што прадставяць Гродзеншчыну ў рэспубліканскім фінале. У склад пераможцаў патрапіла і каманда школы № 11 з праектам «Гродна для маленькіх турыстаў».

Раней Hrodna.life пісаў пра канфлікт вакол праекта праз узрост аўтаркі. Гэтым разам шасцікласніца Сафія Чукічава разам са старэйшымі калегамі ўдзельнічала ў яго прэзентацыі.

Тое, што дзяўчынка «не дарасла» да ніжэйшай мяжы ўзросту ўдзельнікаў, не перашкодзіла паспяхова прэзентаваць праект. Яна прадставіла да ўвагі журы адзін з маршрутаў праекта — «Зімовая казка». Пра яшчэ адну экскурсію, «ЭкаГродна», распавялі дзесяцікласніца Кацярына Клепач і васьмікласнік Уладзімір Алёхін.

Сафію не забыліся. Каманда з самай малодшай удзельніцай – сярод пераможцаў “100 ідэй для Беларусі”

Разам з сертыфікатам пераможцаў і пажаданнямі перамогі на рэспубліканскім конкурсе каманда атрымала і карысныя падарункі - сэлфі-палку, паўэрбанк, навушнікі і тэрмас — якраз тое, што можа спатрэбіцца падчас экскурсій.