Гродзенскі «Нёман» працягвае ўтрымліваць лідыруючыя пазіцыі ў нацыянальным спорце па выкарыстанні беларускай мовы. Пра гэта ў Гродне на святкаванні Дня роднай мовы распавёў аўтар блога «Мова Спартова» Ігар Случак.

Калі ў 2016 годзе «Нёман» паводле падлікаў блогера стаў самым беларускамоўным футбольным клубам, то ў 2017 гродзенцы сталі лідарамі ва ўсім нацыянальным спорце. За мінулы сезон гродзенцы набралі ў рэйтынгу Случака 249 балаў з 300. На другім месцы размясціліся мінскі баскетбольны клуб «Цмокі» — 244, на трэцім — ФК «Тарпеда» (Мінск) — 240.

Футбольны «Нёман» стаў самым беларускамоўным спартовым клубам Беларусі

«Калі параўноўваць з 2016 годам, то нейтральны рэйтынг тады не праводзіўся, а было толькі галасаванне і тады «Нёман» перамог, — распавядае Ігар Случак. — За 2017 год быў такі рэйтынг, які адкідвае суб’ектыўны складнiк, дзе я не мог ні на што паўплываць. У «Нёмана» беларуская мова была ўсюды: у сацыяльных сетках, на форме гульцоў, на табло, афішы і дыктар на стадыёне аб’яўляў склады таксама на роднай мове.

«Нёман» у 2017 годзе аб’ектыўна стаў лепшым беларускамоўным клубам Беларусі. Гродзенцы з кожным годам толькі паляпшаюць свае пазіцыі ў маім рэйтынгу і гэта радуе. Яшчэ ў 2014 годзе «Нёман» быў на 14-м месцы, але з кожным годам клуб дадае. Я вельмі рады такой паслядоўнасці гродзенцаў, гэта добры прыклад і для іншых, як трэба выкарыстоўваць беларускую мову ў спорце і паўсядзённым жыцці".

Ігар Случак упэўнены што ў «Нёмане» з беларускай мовай усё будзе добра і ў 2018 годзе. Блогер лічыць, што ў новым сезоне вялікім плюсам у папулярызацыі нацыянальнай мовы ў Гродне стане гулец Мікалай Януш, якога «Нёман» арэндаваў у салігорскага «Шахцёра». На думку спецыяліста, менавіта Януш з’яўляецца самым беларускамоўным футбалістам у Беларусі.

Мова становіцца часткай іміджу беларускіх клубаў

Лідарства «Нёмана» у нацыянальным спорце па выкарыстанні беларускай мовы — заслуга двух супрацоўнікаў клуба: Вольгі Трафімовіч і Пятра Карнаўха.

«Гэта вельмі важна і прыемна для нас, і асабіста для мяне, перамагчы ў такім рэйтынгу, — распавядае Вольга. — Як бы гэта „дзіка“ не было — праводзіць у Беларусі рэйтынг самых беларускамоўных спартовых клубаў, але за апошнія гады такіх клубаў стала больш. Гэта вялікі крок наперад, мова ўжо не так агрэсіўна ўспрымаецца, а становіцца часткай іміджу беларускіх клубаў. Спадзяюся і жадаю, каб роднай беларускай мовы ў спорце і жыцці стала як мага больш, мы ў сваю чаргу зробім для гэтага ўсё магчымае».