Першыя ў 2018 годзе спаборніцтвы для раварыстаў прайшлі ў Гродне ў суботу 31 сакавіка. У Пышках на адкрыццё сезону і першы этап Кубку «Тры вярсты» прыехала 47 чалавек.

Гонкі па крос-кантры Кубка «Тры вярсты» праходзяць штогод у Гродзенскай вобласці. У гэтым годзе ў Кубку запланавана 9 этапаў. Арганізатарамі спаборніцтваў з’яўляецца ініцыятыўная група спартсменаў-раварыстаў.

Крос-кантры — гэта спартыўная дысцыпліна і самы папулярны ў свеце від спаборніцтваў па маўнцінбайку. Спартсмены пераадольваюць адлегласці па перасечанай мясцовасці са спускамі і зацяжнымі ўздымамі. Таксама на трасах прысутнічаюць хуткасныя ўчасткі і непраходныя лясныя масівы.

Першы этап для гродзенцаў праходзіў у Пышках, заяўку на ўдзел падалі 47 чалавек. Удзельнікам трэба было пераадолець 8 кругоў па 3 км. Але да фінішу не ўсе даехалі, бо з-за складанасці трасы ў некаторых узніклі праблемы з роварам — яны вымушаныя былі сысці з дыстанцыі. У цэлым удзельнікі задаволеныя стартам сезону і першым этапам Кубка.

«Разам са стартам Кубка „Тры вярсты“ мы адкрылі сезон у Гродне, хоць многія яго і не закрывалі, — распавядае арганізатар гонак Сяргей Нікулін. — Нечакана да нас на першы этап прыехала шмат удзельнікаў - 47. У асноўным гэта мужчыны і падлеткі, дзяўчат было ўсяго 3. Можа гэта і да лепшага, што іх так мала, бо траса сёння была вельмі слізкая і брудная. На старце ў нас было шмат новых асоб, прыехалі нават госці з Ліды».

Наступны этап Кубка «Тры вярсты» пройдзе 20 мая ў раёне «Беларускіх Мальдываў» (Краснасельскія кар’еры каля Ваўкавыск).