Каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разглядзець пытанне аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы семінарыстам і святарам прызыўнога ўзросту.

Дзясяткі будучых каталіцкіх і праваслаўных святароў па ўсёй Беларусі атрымалі позвы ў ваенкамат. Сярод прызыўнікоў ёсць каталіцкі святар, які ўжо скончыў семінарыю і служыць у катэдральным касцёле Гродна. У Міністэрстве абароны кажуць, што выклікаюць у межах закону.

«З улікам усё яшчэ недастатковай колькасці мясцовых святароў для працы ў парафіях Беларусі і беручы пад увагу тое, што ў выпадку прызыву студэнтаў вышэйшыя духоўныя семінарыі не змогуць існаваць, Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разгледзець пытанне аб адтэрміноўцы праходжання вайсковай службы студэнтам-семінарыстам і святарам прызыўнога ўзросту, піша Catholic.by.

З красавіка 2006 году ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў накіроўвае ў Мінабароны хадайніцтвы аб прадастаўленні адтэрміноўкі ад прызыву для святароў і студэнтаў вышэйшых духоўных вну.

У жніўні 2017 году дыяцэзіі Каталіцкай царквы падалі інфармацыю для адтэрміноўкі на 2018 год, аднак у маі 2018 году семінарысты і святары прызыўнога ўзросту пачалі атрымліваць позвы.