Аўтобусны парк паведамляе, што з 1 верасня прыпыняецца рух па прыгарадным маршруце Гродна — Аўгустоўскі канал і ў адваротным кірунку. Такі маршрут быў распрацаваны толькі на летні перыяд. Яго перавагай стала магчымасць мацавання для ровараў на аўтобусе.

Маршрут на Аўгустоўскі канал быў арганізаваны ў пачатку чэрвеня па ініцыятыве ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама і СЭЗ «Гроднаінвест». Хадзіў ён тры разы на дзень.

З канца ліпеня на аўтобусе, які ездзіў на Аўгустоўскі канал, павесілі мацаванне для ровараў. Пра тое, што аўтобусам у тым кірунку патрэбныя мацаванні, прадстаўнікі «ВелаГродна» казалі яшчэ некалькі гадоў таму. Аўтобусны парк адрэагаваў толькі ў ліпені 2018.

Мацаваннем для ровараў на аўтобусе скарысталася шмат гродзенцаў, але дакладная колькасць не паведамляецца, бо перавозка двухколавага транспарту ажыццяўлялася бясплатна. Сам жа білет на аўтобус каштаваў 2,89 руб.