Гімназія № 6 у Гродне нядаўна «праславілася» на ўсю краіну ўрачыстым адкрыццём адноўленага бюста Жалезнага Фелікса. Цяпер там пачалі рыхтаваць і музейны стэнд, прысвечаны кіраўніку «чырвонага тэрору», піша «Радыё С**бода».

«Гэта не тыдзень і не два працы»

Фелікс Дзяржынскі (1877−1926) — савецкі дзяяч родам з Беларусі, заснавальнік і кіраўнік ВЧК і ГПУ — карных органаў камуністычнага рэжыму, якія папярэднічалі КДБ.

Бюст Дзяржынскага ў гімназіі № 6 урачыста адкрылі 13 снежня. Яго аднавілі за грошы КДБ. На ўрачыстасці прысутнічалі супрацоўнікі гэтай структуры. У будучыні ў музеі гімназіі хочуць адкрыць экспазіцыю, прысвечаную стваральніку рэпрэсіўнай сістэмы.

«У музеі мы плануем зрабіць яшчэ адзін выставачны стэнд і прысвяціць яго адназначна Дзяржынскаму», — паведаміла намесніца дырэктаркі ў выхаваўчай працы гімназіі № 6 у Гродне Жанна Салама.

Калі ён з’явіцца, невядома. Не выключана, што да канца навучальнага году. Цяпер, паводле намесніцы, вядуцца падрыхтоўчыя работы, збіраецца матэрыял, настаўнікі гісторыі звярнуліся ў архівы, прадумваюць прадметы экспазіцыі.

«Дзеці самі знойдуць інфармацыю»

Ці расказваюць дзецям, хто такі Фелікс Дзяржынскі, і ці праводзяцца нейкія акцыі ў ягоны гонар?

«Мы не можам сказаць, што шмат часу і шмат момантаў гаворым пра Дзяржынскага», — адказала Жанна Салама.

Навошта ў гродзенскай гімназіі аднавілі помнік Дзяржынскаму і рыхтуюць музейны стэнд

Паводле яе, апошнія некалькі гадоў у дзень народзінаў гэтага дзеяча, 11 верасня, піянерская дружына гімназіі ладзіць «невялікі зусім мітынг, літаральна цягам 10 хвілінаў», калі дзеці ўскладаюць кветкі да помніка.

На пастамэнце каля гімназіі заўсёды ляжаць кветкі
На пастаменце каля гімназіі заўсёды ляжаць кветкі

«Дзецям расказваюць, хто такі Дзяржынскі. Робіцца акцэнт, чаму ён тут у нас стаіць у двары гімназіі, бо, па-першае, вуліца носіць ягонае імя», — адзначыла суразмоўца.

Помнік паставілі ў 1985 годзе на ініцыятыву першага дырэктара тады яшчэ школы № 25 Уладзімера Стрэльнікава. Гэта была адзіная школа ў мікрараёне.

«Такія рэчы трэба прывязаць да нейкага сацыяльнага аб’екта. Вось і быў пастаўлены ў нас у двары гэты помнік», — патлумачыла завуч гімназіі.

Гімназія № 6 знаходзіцца на вуліцы Дзяржынскага
Гімназія № 6 знаходзіцца на вуліцы Дзяржынскага

Жанна Салама падкрэсліла, што сама яна вельмі рэдка закранае тэму Дзяржынскага, хутчэй гэта робяць педагогі-арганізатары, калі прымаюць дзяцей у піянеры.

На пытанне, ці настаўнікі кажуць дзецям, што Дзяржынскі ўзначальваў ВЧК (Усерасійскую надзвычайную камісію) і аддаваў загады расстрэльваць людзей, супрацоўніцы гімназіі адказала ўхіліста.

«Многія факты ў гісторыі можна паднесці па-рознаму. Як любая гісторыя мае таксама два бакі медаля. Што датычыць школы, я думаю, тыя дзеці, якія старэйшыя і іх гэта цікавіць, самі знойдуць інфармацыю».

Раней дзеці не ведалі, што за помнік стаіць каля гімназіі

Як стала вядома С**бодзе, у гімназіі сапраўды не ўдзяляюць шмат увагі ўшанаванню Дзяржынскага. Многія вучні раней не ведалі, што за помнік стаіць на тэрыторыі. Некаторыя думалі, што гэта бюст першага дырэктара школы Стрэльнікава, якому, дарэчы, цяпер больш за 80 гадоў. Закантактаваць з ім нам не ўдалося.

Доўгі час помнік кіраўніку ВЧК стаяў непрыкметна, без подпісу. Два гады таму папярэдняя дырэктарка паклапацілася, каб на яго павесілі шыльду з імем і прозвішчам.

Доўгі час помнік стаяў занядбаны, бяз шыльды
Доўгі час помнік стаяў занядбаны, бяз шыльды

Цяперашняя дырэктарка Таццяна Махнач працуе ў гімназіі са жніўня, перайшла з іншай школы, дзе была намесніцай дырэктара. На яе ініцыятыву бюст аднавілі, а разам з ім і фасад гімназіі на тле помніка. Да таго ж паспілоўвалі елкі вакол, якія прыкрывалі від на галаву рэвалюцыянера.

Аднавілі ня толькі бюст, але і фон для яго — фасад гімназіі
Аднавілі не толькі бюст, але і фон для яго — фасад гімназіі

Некаторыя ў школе мяркуюць, што так Таццяна Махнач вырашыла вызначыцца, каб яе заўважылі «вышэй».

Настаўнікам стала сорамна, а дзеці задумаліся

Па словах крыніцы, якая папрасіла не называць яе, большасць настаўнікаў ставяцца скептычна да аднаўлення бюста і разумеюць, што гімназія «праславілася» на ўсю краіну ў кепскім сэнсе.

Аднак добрым наступствам гэтай падзеі суразмоўца назваў тое, што дзеці задумаліся пра сэнс помніка, а настаўнікам стала сорамна за яго. Цяпер вучні могуць па-за тэмай уроку запытацца, як настаўнік ставіцца да ўшанавання Дзяржынскага.

Дзень КДБ у Беларусі адзначаюць 20 снежня з 1917 году. У гэты дзень Радай народных камісараў была прынятая пастанова аб стварэнні Усерасейскай надзвычайнай камісіі, якая змагалася з «сапернікамі савецкай улады, контрарэвалюцыяй і сабатажам».