Абласныя ўлады выйшлі з прапановай аб пашырэнні бязвізавай зоны, піша «Звязда».

— Мы выказалі намер уключыць туды Шчучынскі, Воранаўскі, Лідскі раёны і павялічыць тэрмін знаходжання турыстаў да аднаго месяца, — адзначыў Уладзімір Краўцоў на прэс-канферэнцыі ў Іўі. — Прапановы знаходзяцца ў стадыі ўзгаднення з рознымі ведамствамі. Гэта дасць дадатковы штуршок у развіцці турызму ў Гродзенскай вобласці.

Між тым работа па рэканструкцыі многіх аб’ектаў вядзецца актыўна. У рамках дзяржаўнай інвестпраграмы ідуць работы ў Старым замку. У 2020 годзе плануецца ўвесці першую чаргу. Сёлета — завяршыць рэканструкцыю другой вежы Лідскага замка і адкрыць яго для турыстаў. Асвойваюцца сродкі прэзідэнцкага фонду на Гальшанскім і Крэўскім замках.

Да 75-годдзя Гродзенскай вобласці ёсць намер увесці палацава-паркавы комплекс «Свяцк». У Іўеўскім раёне былы маёнтак Умястоўскіх — копію палаца ў польскіх Лазенках — выкупіў беларускі інвестар і пачаў яго аднаўляць. У вобласці ёсць іншыя маёнткі, якія купілі прыватныя інвестары і робяць турыстычныя аб’екты.

Будзе працягвацца работа па ўшанаванні вядомых асоб старажытнага горада. Непадалёк ад Старога і Новага замкаў нядаўна з’явіўся помнік Давыду Гарадзенскаму — гарадскому старасту. Да Дня пісьменства ў Слоніме будзе ўстаноўлены помнік Льву Сапегу, у Дзятлаве будзе ўвекавечана асоба Канстанціна Астрожскага. Гэтыя ідэі ідуць ад людзей, і ўлады да іх прыслухоўваюцца. На прэс-канферэнцыі прагучала прапанова па стварэнні ў Гродне музея вядомага пісьменніка Васіля Быкава. Матэрыял аб ім існуе ў некалькіх музеях, але ён разрознены. Магчымасць стварэння такога музея будзе разглядацца.