У Гродне на 25-гадовага беларуса Андрэя Галавенку завялі крымінальную справу. Ён рэпостнуў кліп Rammstein на старонку «Вконтакте» 4,5 гады таму і цяпер яго абвінавачваюць у распаўсюдзе парнаграфіі. Хлопцу пагражае турэмны тэрмін ад двух да чатырох гадоў. Калі гродзенец даведаўся пра гэта, зразумеў, што грошай на адваката ў яго няма. І папрасіў беларусаў дапамагчы сабраць патрэбную суму.

Андрэй запусціў праект «збор сродкаў на адваката» на новай фандрайзінгавай пляцоўцы MolaMola. Дзе напісаў наступнае: «Трапіў у недарэчную сітуацыю. Узбуджаная крымінальная справа па кліпу Rammstein! У самыя кароткія тэрміны трэба сабраць суму для адваката. Сума вялікая, проста не змагу сабраць адзін! Калі зможаце — дапамажыце фінансава, літаральна па рублі, па два. Колькі можаце то скіньце! Буду вельмі ўдзячны за вашу падтрымку!».

Андрэй адкрыў збор сродкаў 12 красавіка, хацеў сабраць 1150 рублёў. Як паведамляе kyky.org на 14 красавіка яму ўжо пералічылі 2190 рублёў.

Хлопец з "крымiналкай" за рэпост кліпа Rammstein сабраў на адваката ўдвая больш, чым прасіў