Аўгустоўскі канал адкрыў турыстычны сезон. 70% турыстаў на канеле ў мінулым годзе склалі «бязвізавыя». Што новага будзе для іх і для беларусаў у гэтым годзе, распавялі ў АУП «Гроднамеліяводгас», піша rgazeta.by.

На чым і за колькі можна паплаваць

Па словах намесніка генеральнага дырэктара па эксплуатацыі Аўгустоўскага канала Эдмунда Юткевіча, у мінулым сезоне ў зоне адпачынку пабывалі 120 тысяч наведнікаў, а мясцовы цеплаход здзейсніў 620 рэйсаў.

Аўгустоўскі канал адкрыў сезон. На чым і за колькі паплаваць і што паглядзець

Да гэтага сезону рухавік судна прайшоў капітальны рамонт. Цеплаход будзе курсіраваць штодня. Турыстам раяць браніраваць месцы загадзя.

  • тэлефон для запісу +375 (33) 370−44−22
  • кошт квітка 8 рублёў

Гадзінны фрахт за ўсё судна абыйдзецца ў 350 рублёў, гэта на 50 рублёў даражэй, чым у мінулым сезоне.

На чым яшчэ можна паплаваць:

  • маторная лодка (паўгадзінная арэнда на трох чалавек — 15 рублёў),
  • 24 катамараны (гадзіна пракату каштуе 8 рублёў),
  • 5 лодак (гадзіна катання — 8 рублёў).

Асноўны пункт пракату традыцыйна размесціцца на шлюзе Дамброўка. Дзве яхты і маторная лодка, якія належаць прыватным фірмам, выпраўляюцца са шлюзаў Дамброўка і Чарток.

Ровары і альтанкі

Сёлета побач з Аўгустоўскім каналам праклалі новы міжнародны роварны маршрут. Яго пазначылі паказальнікамі і ўладкавалі месцы стаянак. Ён пачынаецца ў Польшчы пад назвай «Грын вела». Цяпер раварысты змогуць перасячы мяжу ў пункце пропуску «Лясная — Рудаўка» і працягнуць шлях да Гродна. Даўжыня веласіпеднай дарогі па гродзенскім рэгіёне — 50 кіламетраў.


hrodna.life/2019/04/12/daroga-na-augustouski-kanal/

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела фізічнай культуры і турызму Гродзенскага аблвыканкама Мацвея Свіркова, па маршруце ўладкавалі тры стаянкі з альтанкамі, велапаркоўкамі і біятуалетамі. Зоны адпачынку для веласіпедыстаў размясцілі ў вёсках Дамброўка, Крулеўшчына, Зарачанка. Працы фінансаваў МЗС Польшчы, аб’ект абышоўся ў 90 тысяч еўра. Сёння вусна дамовіліся працягнуць праект, зрабіўшы пракат ровараў у Сапоцкіне і ўладкавалі месца іх абслугоўвання.

Пакуль ровары ў арэнду можна ўзяць на Аўгустоўскім канале:

  • пракат ровара на 1 гадзіну (усяго іх 10 штук) — 5 рублёў.
  • арэнда альтанкі на 1 гадзіну — ад 3 да 6 рублёў,
  • сутачная арэнда пакоя адпачынку каштуе 20 рублёў на чалавека.

Прыбіральні на Аўгустоўскім канале пакуль ўсталююць у ранейшым выглядзе. Шэсць біяпрыбіральняў павінны прывезці ў бліжэйшы час. Раней абмяркоўвалася будаўніцтва стацыянарных прыбіральняў, але цяпер схіляюцца да пабудовы мабільнай прыбіральні з душам.

Што паглядзець

Каля дома наглядчыка, што на шлюзе Дамброўка, можна наведаць экспазіцыю старажытных прадметаў сельскага побыту. Для выставы сабралі больш за сотню аўтэнтычных рэчаў: ад калаўрота і падводы да саней і малатарні. Прадметы ўжытку далі мясцовыя жыхары.

Побач — музей гісторыі канала, у якім сабрана больш за 200 ілюстрацый з макетам шлюза і нават рыбалоўнымі снасцямі. Кошт уваходнага білета — 3 рублі.

Аўгустоўскі канал адкрыў сезон. На чым і за колькі паплаваць і што паглядзець

У ранейшым рэжыме плануе працаваць ваенны экскурсійны музей, які ўключае абарончыя доты і фарты.

Па-ранейшаму адчынены дзверы прыватнай экспазіцыі ва ўласным доме Зажецкіх на шлюзе Нямнова. Там можна ўбачыць шкалу для вымярэння глыбіні, ўтулку і нават рыдлёўку, якой карысталіся пры будаўніцтве канала ў XIX стагоддзі.

Дзе паесці і пераначаваць

У гэтым годзе на беразе побач са шлюзам Дамброўка і ў вёсцы Чарток будуць працаваць тры гандлёвыя фірмы. Яны ўсталююць летнія кафэ з гарачым харчаваннем.

Сёлета ў Сапоцкіне плануюць адкрыць два кафэ. У будынку былой сталовай абяцаюць да 1 ліпеня адкрыць краму і кавярню. У будынку былога ўнівермага збіраюцца размясціць бар. Гасцёўні ў мястэчку пакуль няма. Некаторыя турыстычныя групы начуюць у доме міласэрнасці дабрачыннай арганізацыі «Карытас» пры мясцовым касцёле. «Гатэль» разлічаны на 50 месцаў. Тут прымаюць любую групу за ахвяраванні.

Усяго ў ваколіцах Аўгустоўскага канала 18 аграсядзібаў, палова размешчана ўздоўж берага. Уладальнікі агратурыстычнага бізнесу на недахоп кліентаў не скардзяцца.

Аўгустоўскі канал адкрыў сезон. На чым і за колькі паплаваць і што паглядзець

Па словах галоўнага спецыяліста па пытаннях спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама Віктара Саломы, традыцыйна больш за ўсё наведвальнікаў на канале збіраецца падчас фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» (жнівень) і веламарафону «Суседзi» (ліпень). Варта ўлічваць гэта, калі плануеце адпачынак.