Мастачка Валянціна Шоба рыхтавала да 50-годдзя праект «Каляндар» з 365 карцін, якія яна малявала кожны дзень. Але напярэданні ўбачыла падобны праект Лены Гіль і вырашыла ўсё памяняць. Так за месяц з’явілася новая выстава «Лёгкія паводзіны». Вернісаж прайшоў 25 красавіка ў галерэі «У майстра». Ідэю з календаром мастачка паабяцала здзейсніць да наступнага юбілея.

На новую ідэю мастачку натхніла дачка Ганна Панцялеева, якая раней за пяць дзён распісала свой пакой. «Яна за пяць дзён выпрацавала стылістыку і маханула цэлую сценку! Я падумала: а я за месяц не зраблю новую выставу?».

Так з’явілася супольная выстава маці і дачкі. У экспазіцыю ўвайшлі графіка Ганны Панцялеевай і карціны Валянціны Шобы з серыі «Дамская комната» і працы, якія адлюстроўваюць «злобныя» і не толькі эмоцыі.

На вернісажы маці з дачкой сыгралі «вяселле» і выйшлі, пасыпаючы дарогу ружамі. «Мы прыдумалі: мы пара, якая здольная на ўсё. Якое шчасце, што можна ствараць разам, нічога не саромецца і быць абсалютна вольным чалавекам. Гэта так важна!», — кажа Валянціна.

Мама з дачкой здольныя на ўсё. У Гродне адкрылася выстава Валянціны Шобы і Ганны Панцялеевай “Легкія паводзіны”