Міністэрства абароны прапрацавала дадатковыя прапановы, якія дадуць магчымасць павысіць прэстыж тэрміновай службы. Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік абароннага ведамства Андрэй Раўкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па словах Андрэя Раўкова, Мінабароны ўнесла яшчэ адну прапанову Мінпрацы — «ўвесці каэфіцыенты ў залежнасці ад працягласці тэрміновай ваеннай службы для пераразліку пенсійнага стажу». Рэалізацыя гэтай прапановы дазволіць фактычна без павелічэння фінансавай нагрузкі на бюджэт павысіць значнасць тэрміновай службы, дадаў міністр.

Як паведамлялі раней у Мінабароны, залік тэрміну службы ў страхавы пенсійны стаж падтрымана большасцю дзяржорганаў. Міністэрства абароны таксама працуе над прадастаўленнем іншых прэферэнцый адслужыўшым у войску. Мяркуецца, што ў студзені 2020-га ўступіць у сілу закон, згодна з якім першачарговае права на атрыманне месца ў інтэрнаце будзе прадастаўлена навучэнцам, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу цi службу ў рэзерве, — тым, у каго ёсць рэкамендацыі воінскіх часцей.

Зараз разглядаецца пытанне аб прадастаўленні льгот і пры працаўладкаванні. Напрыклад, гэта датычыцца захавання права вярнуцца на ранейшае месца працы на працягу трох месяцаў з дня заканчэння ваеннай службы.

Што тычыцца адукацыі, ужо атрымала падтрымку прадастаўленне пераважнага права на залічэнне ў ВНУ і ССНУ тым, хто адслужыў. Плануецца, што хлопцы з вопытам вайсковай службы змогуць бясплатна навучацца за кошт дзяржавы на падрыхтоўчых аддзяленнях ВНУ.