17 жніўня супрацоўнікі Лідскай ДАІ затрымалі п’янага бяспраўніка. Каля 11 гадзін раніцы на аўтадарозе Палубнікі - Далёкія паблізу вёскі Палубнікі інспектары звярнулі ўвагу на мікрааўтобус Mercedes, які рухаўся ім насустрач з боку вёскі Пяцюлеўцы. Патрабаванне аб спыненні кіроўца праігнараваў. Пачаўся пераслед, пад канец якога аўтамабіль паехаў проста праз поле. Яго затрымалі.

У службовым аўтамабілі ён спрабаваў угаварыць супрацоўнікаў ДАІ яго адпусціць, абяцаючы «ніколі не забыцца», «адкасіць» і «касар баксаў». На наўпроставае пытанне, колькі мужчына выпіў, ён адказаў: «Літр віна самага таннага».

У выніку на жыхара Лідчыны было складзена 4 пратаколы: за нецвярозае кіраванне, «бяспраўнае» кіраванне, за невыкананне патрабаванняў аб прыпынку, што пацягнула пераслед транспартнага сродку, адсутнасць тэхагляду на Mercedes.

Паводле звестак ДАІ, гэты ж 42-гадовы кіроўца затрымліваўся сёлета ў чэрвен за кіраванне ў стане ап’янення. Цяпер у дачыненні да яго вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы, пасля чаго аўтамабіль канфіскуюць.