За час дзеяння бязвізавага рэжыму Гродзеншчыну наведала за 250 000 замежных турыстаў. Першых бязвізавых гасцей у Гродне сустракалі 26 кастрычніка 2016 года, калі ў сілу ўступіў Указ № 318, паведамляе grodnonews.by.

Ужо праз чатыры месяцы гродзенцы віталі 5000-тысячнага бязвізавага госця і падлічвалі першыя мільёны прыбытку ад ўзрослага экспарту турыстычных паслуг.

— Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што эканоміка адчула рэальны ўклад турызму, — распавёў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег Андрэйчык. — За тры гады бязвізавага рэжыму ў вобласць прыцягнута каля 20 мільёнаў еўра.

З 1 студзеня 2018 гадоў ў сілу ўступіў новы Указ Прэзідэнта № 426. Ён дазволіў гасцяваць замежнікам у любым пункце Гродзенскага раёна на працягу не пяці, як было раней, а ўжо дзесяці дзён. Акрамя аўтамабільных пунктаў пропуску даступнымі для бязвізавых турыстаў сталі чыгуначны і авіяцыйны транспарт. Гэта дало магутны штуршок развіццю турыстычнай інфраструктуры — новыя кафэ, рэстараны і хостэлы сталі адкрывацца дзесяткамі. За рэканструкцыю ўзяліся гасцініцы. А турфірмы і гарадскія ўлады, у сваю чаргу, пачалі думаць, чым жа яшчэ можна прыцягнуць спрактыкаванага замежнага госця.

— Малы і сярэдні бізнэс пачаў актыўна працаваць у турыстычным сегменце, і сёння мы бачым, што колькасць аб’ектаў размяшчэння і харчавання ў горадзе пастаянна расце, — адзначае Алег Андрэйчык. — Амаль у два разы з увядзеннем бязвізавага рэжыму павялічыўся тавараабарот. Усе аб’екты турыстычнай сферы перабудоўваюцца на новы рэжым працы, імкнучыся адпавядаць сусветным стандартам гасціннасці, павышаецца ўзровень абслугоўвання нашых жыхароў і гасцей. Праз прызму «бязвіза» і развіцця турызму да рэгіёну ўжо зараз прыглядаюцца шматлікія буйныя інвестары. І можна з упэўненасцю казаць, што наступны этапам стане прыцягненне ў турыстычны сегмент вобласці - у будаўніцтва новых комплексаў, гатэляў, забаўляльных цэнтраў - замежнага капіталу.

Цалкам новым этапам у раскрутцы турыстычнага патэнцыялу Гродзеншчыны стала падпісанне Указа № 300. Ужо з 10 лістапада ён уступіць у сілу. Зараз да бязвізавай зоны далучацца яшчэ пяць раёнаў вобласці - Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі, і два пункты пропуску «Беняконі» і «Бераставіца», а тэрмін знаходжання для бязвізавых гасцей на Гродзеншчыне павялічыцца да 15 дзён. Зрэшты, у складзе арганізаваных турыстычных груп замежнікі змогуць падарожнічаць па ўсім рэгіёне. Фактычна «візавыя рамкі» для вобласці разбураныя. Зараз галоўнае пытанне, як прыцягнуць, утрымаць і прымусіць турыста вярнуцца.

— Ёсць тры ключавых моманты, — растлумачыў Алег Андрэйчык. — Па-першае, важна падкрэсліць самабытнасць усіх рэгіёнаў вобласці. І гэта тычыцца не толькі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Любая рэгіянальная культурная асаблівасць можа стаць кропкай прыцягнення турыстаў з усяго свету. Па-другое, мы павінны забяспечыць паўнавартасны турыстычны сэрвіс — аб’екты харчавання, размяшчэння, сістэма транспартна-лагістычнага суправаджэння будзе падганяцца пад сусветныя стандарты. Па-трэцяе, важны інфармацыйны складнік. Кожны раён павінен быць прыкметны ў любой з пошукавых сістэм у інтэрнэце на розных мовах. Уся інфармацыя аб яркіх падзеях, турыстычных фішках, унікальных аб’ектах і культурных асаблівасцях кожнага раёна стане шырока даступнай. Над гэтым мы зараз працуем — удасканальваем створаныя мабільныя дадаткі для турыстаў, абнаўляем рэсурс GrodnoVisaFree, шукаем новыя формы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй.