У краме «Адметнасць» з’явіліся елачныя цацкі з Пагоняй, беларускім арнаментам і олдскульнымі ўзорамі. Набыўшы іх, вы падкрэсліце сваю беларускасць і дапаможаце фірме, дзе працуюць людзі з інваліднасцю.

— Мы і ў мінулым годзе таксама замаўлялі такія цацкі. У гэтым годзе пашырылі асартымент. Мы былі нацэлены менавіта на гэтых вытворцаў, — кажа Сяргей Верамеенка, гаспадар крамы.

«Грай» — гэта якасная прадукцыя са шкла, у большасці выпадкаў гэта ручная праца. Акрамя таго, большасць супрацоўнікаў там — людзі з інваліднасцю. «Рады былі дапамагчы фірме, якая стварае ўмовы для працы людзей, для якіх не стварае нармальныя ўмовы для жыцця дзяржава», — кажа Сяргей.

Елачныя цацкі зробленыя са шкла і расфарбаваныя. На некаторых ёсць ляпніна. Некаторыя зроблены ў тэхніцы «штамп». Прадстаўлена і тэхніка «ф'юзінг» — плюшчанае шкло.

елачныя цацкі з Пагоняй

Кошт — ад 6 да 25 рублёў. За 25 вы атрымаеце вялікі шар ручной працы. Сяргей кажа, што пры акуратным абыходжанні цацкі праслужаць доўга. На цацках, акрамя нацыянальных сімвалаў, ёсць «настальгічныя» ўзоры, падобныя на ўзоры з 70-х і 80-х.

елачныя цацкі з Пагоняй, крама Адметнасць

— Каб усе бачылі, — тлумачыць Сяргей, навошта вешаць на ёлку цацкі з Пагоняй. — Таму што будуць прыходзіць госці і казаць: «класна, у нас таксама Пагоня вісіць». Або «клас, давайце і мы такое сабе зробім». Зноў жа, чарговае пазначэнне нашай тоеснасці, каб паказаць, што мы беларусы, гэта нашыя традыцыя і мы гэтым ганарымся.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]