Адзін з бронзавых лебедзяў з кампазіцыі Уладзіміра Панцялеева «Птушкі на вадзе», што ўсталявана ў зліцці ручая Юрыздыка і Гараднічанкі блізу вуліцы Віленскай, чарговы раз перакуліўся. Гэта трэці выпадак за чатыры гады.

Апошні раз лебедзя падымалі ў 2017 годзе. Тады кампазіцыю «Птушкі на вадзе» (іншая назва «Вернасць») аднавілі толькі праз паўгода пасля таго, як яна напалову сышла пад воду. У ЖКГ казалі, што нехта з гараджан напісаў заяву.

Тады аднаўлялі размяшчэнне скульптуры супрацоўнікі Рамбудаўтадара. Яны на лодцы падплывалі да кампазіцыі і замянялі анкерны болт. Гарантыю рабочыя не давалі: казалі, што ўсё будзе залежыць ад патокаў вады і ад смецця, якое туды трапляе. Адноўленная скульптура прастаяла больш за 2,5 гады.

Бронзавы лебедзь у Гараднічанцы зноў "нырнуў". Можа, пара змяніць месца?
Адноўленная кампазіцыя ў 2017 годзе
Аўтар кампазіцыі Уладзімір Панцялееў казаў у 2017-м, што рамонт толькi часова абароніць скульптуру. Ён лічыць, што лебедзяў трэба дэмантаваць цалкам і перанесці ў іншае месца. Майстар лiчыць добрым месцам тэрыторыю ў Швейцарскай даліне, побач з мосцiкам закаханых.

Кампазіцыя «Птушкі на вадзе» («Вернасць») бронзавая, важыць больш за 600 кг. Яна была ўсталяваная ў 2008 годзе на спецыяльна вырабленым пантоне.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]