Украінскі абаронца баскетбольнага клуба «Гродна-93» Максім Мірашнічэнка распавёў сайту Федэрацыі баскетбола сваёй краіны пра жыццё ў Беларусі ў перыяд пандэміі, піша naviny.by.

Спартсмен адзначыў, што ў рэспубліцы «абсалютна ўсё працуе: кафэ, рэстараны, трэнажорныя залы, гандлёвыя цэнтры, начныя клубы». Праўда, заўважыў ён, наведвальнікаў у гэтых месцах значна менш чым звычайна, так як людзі пабойваюцца за сваё жыццё.

Паводле яго слоў, у краіне праводзяцца ахоўныя мерапрыемствы, а антысептыкі ў вольным доступе маюцца ў крамах: «Вось толькі статыстыку ніхто не наводзіць». Мірашнічэнка падкрэсліў, што «ніхто ў Беларусі нават уявіць не можа, колькі людзей захварэла».

«На тэлебачанні спрабуюць пра гэта асцярожна казаць. Часам у навінах паказваюць, што сям’я памерла ад пнеўманіі, але не ад каранавіруса. Кажуць неяк так: „проста ў іх было яшчэ куча балячак і яны былі тлустымі і паршыва харчаваліся“. Вось так. Могуць яшчэ паказаць Украіну і прывесці статыстыку тых, хто захварэў, кажучы пры гэтым, якія дрэнныя справы ў нашых суседзяў».

У Беларусі на 27 красавіка зарэгістравана 11 289 (+826) чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі і выпісаныя 1740 (+45) пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 75 (+3) пацыентаў з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.