Візіт у Беларусь адмыслоўцаў, адказных за наладку праграмнага забеспячэння і абсталявання для выдачы біяметрычных пашпартоў і ID-картак, адкладзены на месяц з прычыны пандэміі каранавірусу, піша «Радыё С**бода» са спасылкай на БелаПАН.

Пра гэта расказаў начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Аляксей Бягун. Паводле яго, агульныя тэрміны ўсё ж не мяняюцца: новыя дакументы беларусам спадзяюцца выдаваць ад 1 студзеня 2021 году.

Большасць працы, для якой былі патрэбны тыя адмыслоўцы, ужо пачалі выконваць дыстанцыйна, а «свет адкрываецца», адзначыў Бягун. Усё неабходнае абсталяванне ўжо атрымалі і зьбіраюць з дапамогай дыстанцыйных кансультацый, нешта наладжваюць самастойна, «без кітайскіх і латышскіх партнёраў».

У ID-карткі, якія заменяць пашпарты ўнутры краіны, будзе інтэграваны «электронны лічбавы подпіс» грамадзяніна", дадаў Бягун, а ў біяметрычным пашпарце для паездак за мяжу будзе 30 старонак для візаў.

Біяметрычныя пашпарты і ID-карткі раней планавалі выдаваць у Беларусі яшчэ ў 2019 годзе, але тэрміны некалькі разоў пераносілі.

Што зменіцца з новымі пашпартамі і як іх планавалі выдаваць

Раней паведамлялі, што ID-карта заменіць некаторыя функцыі сённяшняга пашпарта і будзе адзіным дакументам, які сведчыць пра асобу. Новы біяметрычны пашпарт будзе дакументам толькі для выезду за мяжу. Таксама новымі біяметрычнымі дакументамі будзе заменена ўся лінейка дакументаў, якія дзейнічаюць у Беларусі. Гэта службовы і дыпламатычны пашпарты, праязны дакумент уцекача і праязны дакумент асобы без грамадзянства. ID-карты будуць выдавацца, акрамя грамадзян Беларусі, замежнікам, якія пастаянна пражываюць у краіне, і асобам без грамадзянства.

Пашпарт і ID-карта будуць выдавацца ў абавязковым парадку з 14 гадоў. Але карта можа выдавацца і па жаданні законных прадстаўнікоў непаўналетняга дзіцяці з моманту яго нараджэння. Таксама ў ID-карце будзе прывязка да рэгістрацыі, у пашпарце ж яна будзе адсутнічаць. Гэта значыць, штампаў аб прапісцы ў пашпартах больш не будзе, у электронным выглядзе такія дадзеныя будуць утрымлівацца на карце. Ніякіх адзнак, акрамя віз, у новых пашпартах не прадугледжана.

Кошт ID-карты складзе адну базавую велічыню. Пашпарт будзе каштаваць тры базавыя. Працэдура атрымання біяметрычнага пашпарта будзе неабавязковай, грамадзяне змогуць выкарыстаць стары дакумент разам з ID-картай. У электронным чыпе новага пашпарта будуць прысутнічаць персанальныя дадзеныя грамадзяніна. У прыватнасці, фатаграфія, электронны подпіс і адбіткі пальцаў. Гэта робіцца для таго, каб палегчыць праходжанне адпаведных відаў кантролю на мяжы, спрасціць пэўныя механізмы атрымання віз і павялічыць ступень абароны пашпарта грамадзяніна Беларусі.