Раніцай 30 траўня актывіст Мікалай Салянік падышоў да будынка УУС Гродзенскага аблвыканкама, каб атрымаць інфармацыю пра затрыманых 29 траўня пасля збору падпісаў за Святлану Ціханоўскую. Ля будынка яго затрымалі сем супрацоўнікаў АМАП і павезлі ў РАУС Ленінскага раёна. Пасля трох гадзін затрымання Мікалай Салянік трапіў у бальніцу.

Супрацоўнікі АМАП не прадставіліся і не паказалі дакументы, распавядае актывіст на старонцы ў Facebook. У РАУС яго пратрымалі больш за тры гадзіны без ежы, вады і лекаў. У дачыненні да яго вядзецца адміністрацыйная справа, растлумачылі актывісту пры затрыманні.

 — Знаходзячыся пад ціскам супрацоўнікаў РАУС без лекаў і вады, мне стала дрэнна, давялося выклікаць хуткую дапамогу. Медыцынскія работнікі канстатавалі, што ў мяне здарыўся гіпертанічны крыз і патрабуецца тэрміновая шпіталізацыя, пасля чаго мяне адвезлі ў гарадскую бальніцу № 4 (былую Азотаўскую) у суправаджэнні капітана і сяржанта міліцыі, якія цяпер знаходзяцца ў калідоры і ахоўваюць маю палату № 6.

Мікалай Салянік — інвалід ІІ групы. Ён выступаў з прамовай 29 траўня падчас збору подпісаў ініцыятыўнай групай Святланы Ціханоўскай у Гродне.