Паводле папярэдніх дадзеных, рыба ў Нёмане загінула з-за высокай тэмпературы вады і недахопу кіслароду. Але хімічныя даследаванні будуць праводзіцца яшчэ тыдзень, таму пра дакладную прычыну мору казаць рана. Пра гэта распавялі Hrodna.life ў Абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Што адбылося?

Гродзенскія рыбакі 13 чэрвеня паведамілі аб масавым моры рыбы ў Нёмане. Яны называюць здарэнне «экалагічнай катастрофай» і пішуць у сацсетках аб магчымым трапленні ў ваду атрутных рэчываў.

Што кажуць адмыслоўцы?

У камітэце прыродных рэсурсаў ад заўчасных высноваў адмаўляюцца і называюць толькі верагодныя прычыны гібелі рыбы.

«13 чэрвеня былі праведзены лабараторныя даследаванні. Нас насцярожвае нізкае ўтрыманне растворанага кіслароду ў Нёмане на працягу ўсёй ракі. У некаторых месцах гэта паказчык складаў каля 1,6 мг на 1 куб.дм у той час як для рыбы неабходна хаця б 6 мг на 1 куб.дм.», — распавёў Hrodna.life намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Сак.

Яшчэ адзін фактар ​​- высокая тэмпература вады. Паводле слоў спецыяліста, у асобных месцах 13 чэрвеня яна даходзіла да 30 градусаў. Магчыма, высокая тэмпература прывяла да памяншэння кіслароду.

Пракуратура ўзяла на кантроль

Камітэт правёў абследаванне ўсёй берагавой лініі Нёмана і месцаў упадзення прытокаў. Паводле папярэдніх аналізаў, канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў у рацэ не перавышае гранічна дапушчальныя значэння. Мёртвую рыбу на аналіз узяла дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. Генеральная пракуратура ўзяла здарэнне на кантроль.

Актывісты пачалі сваё расследаванне

Грамадскае аб’яднанне «Экаманіторынг» праводзіць сваё расследаванне гібелі рыбы ў Нёмане. Зараз яны просяць адгукнуцца гродзенскіх рыбакоў, каб вызначыць верхнюю кропку мору на рацэ.