Верталёт бізнес-класа Robinson R44 пачынае працаваць у Гродне ў тэставым рэжыме з 19 чэрвеня. Ён стаіць каля сінагогі на Вялікай Траецкай і бліжэйшыя два дні будзе вазіць гараджан.

На верталёце можна будзе злётаць у Мінск. Цана на палёты яшчэ не сфарміравана. У будучыні будзе запушчана анлайн-браніраванне.

Кабіна месціць 4 чалавекі: пілота і 3 пасажыраў.

«Упершыню ў Гродне рэалізуецца такі праект, — распавядае дырэктар кампаніі ТАА „Лайт-М ІнвестБуд“ Яўген Балашоў (гэтая кампанія адкрывае на Вялікай Траецкай, побач з месцам стаянкі верталёта, гасцініцу). — Зараз верталёт будзе лётаць два дні ў тэставым рэжыме, а там будзем глядзець па сітуацыі. Калі ўсё будзе добра, ён будзе пастаянна базавацца на Вялікай Траецкай».

Па словах Яўгена Балашова, на верталёце можна даляцець да Мінска за 1 гадзіну 15 хвілін.

Верталёт належыць прафесійнаму верталётнаму клубу «АвіА-100» (частка групы кампаній «А-100»). Клуб працуе ў Беларусі з 2014 года. Згодна з цэннікам клуба, паўгадзіннай палёт над Мінскам каштуе 600 рублёў.