100 балаў на цэнтралізаваным тэставанні па рускай мове набралі 27 абітурыентаў. Тых, хто здаў на найвышэйшую адзнаку беларускую мову, амаль утрая больш.

«Сёлета 100 балаў на цэнтралізаваным тэставанні па рускай мове набралі 27 абітурыентаў, у мінулым іх было 36. На гэты раз стобальнікаў крыху менш, але разам з тым абітурыенты ў цэлым лепш справіліся», — паведаміў БелТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

Паводле яго слоў, 19 чалавек паказалі нулявы вынік, у мінулым годзе такіх было прыкладна столькі ж — 17. Атрымліваецца, найвышэйшы бал на ЦТ па рускай мове ў гэтым годзе атрымалі каля 0,05% абітурыентаў, піша «Радыё С**бода».

Учора сталі вядомыя вынікі ЦТ па беларускай мове. Працэнт тых, хто атрымаў 100 балаў, там большы ў 9 разоў - 0,45%. Беларуская мова ў гэтым годзе здавалі прыкладна 17,5 тысяч чалавек, 78 з іх атрымалі найвышэйшую адзнаку. Як бачна, тых, хто здаў беларускую мову на 100 балаў, амаль утрая больш. 100 балаў на ЦТ па беларускай мове ў гэтым годзе набралі амаль удвая больш абітурыентаў, чым у мінулым.

У гэтым годзе ЦТ па рускай мове праходзіла ў два дні - 26 і 27 чэрвеня. Здаваць яго планавалі каля 52,7 тыс. абітурыентаў. З зарэгістраваных у першы дзень не з’явіліся 3,6%, у другі - 8% абітурыентаў.

Усяго на ЦТ у Беларусі зарэгістраваліся больш за 64 тыс. чалавек. Наступнае ЦТ — па фізіцы — пройдзе 10 ліпеня.

Правілы паступлення будуць мяняць

Аляксандр Лукашэнка даручыў да наступнай уступнай кампаніі распрацаваць новыя правілы паступлення ў ВНУ. На яго думку, сістэма тэставання ў найлепшыя ВНУ адсякае магчымасць паступлення дзецям з бедных сем’яў.

«Сама сістэма не дае магчымасці паступіць у ВНУ хлопцам, скажам, з сельскіх школ, дзе выкладанне яшчэ трошкі ніжэй, чым у буйных гарадах, у Менску», — лічыць Лукашэнка.

Лукашэнка лічыць, што пры адборы ў ВНУ прыёмнай камісіі неабходна бачыць чалавека, а не толькі вынік тэставання. Ён сказаў, што даручыў прапрацаваць гэтае пытанне міністру адукацыі.