У Гродне 15 лістапада прайшла акцыя памяці загінулага ў Мінску Рамана Бандарэнка. Паводле дадзеных пазбаўленага рэгістрацыі ў Беларусі праваабарончага цэнтра «Вясна» на раніцу 16 лістапада, толькі ў Гродне затрымалі 76 чалавек. У прэс-службе УУС Гроднааблвыканкама колькасць затрыманых афіцыйна не называюць. Некаторых павезлі ў Слонім.

Ва УУС Гродзенскай вобласці адзначылі 5 асяродкаў пратэстаў 15 лістапада: у Гродне, Лідзе, Смаргоні, Наваградку, Іўі. Па версіі міліцыі, агулам прынялі ўдзел 335 чалавек.

Вядома, што некаторых затрыманых да суду павезлі ў Слонім. У прэс-службе УУС гэта звязалі з магчымай перагрузкай ізалятараў часовага ўтрымання. Лік затрыманых у Гродне ў УУС назваць адмовіліся.

Таксама затрыманых гарадзенцаў да суду адвезлі ў два гарадскіх ізалятара: у СІЗА № 1 Гродна на Кірава, 1 і ІЧУ на вул. Гая. Аўтазак не менш за чатыры разы прыязджаў да Ленінскага РАУС забіраць затрыманых. Суда сярод іншых чакаюць: фрылансер Hrodna.life Андрэй Ломаў, фатограф Яўген Бузук, уладальнік партала autogrodno.by Міхаіл Кунцэвіч, псіхатэрапеўт Ігар Папеня, радыёвядучы Сяргей Гадзяеў, палітык Аляксандр Рэйзман. Суды пройдуць 16 і 17 лістапада.

Чытайце таксама: