Генеральная пракуратура прыняла рашэнне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага і іншых за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіравання ім (ч. 1 арт. 361−1 Крымінальнага кодэкса).

Справу распачалі з улікам дадзеных, атрыманых у ходзе расследавання Следчым камітэтам крымінальнай справы ў дачыненні да членаў Каардынацыйнай рады.

У дачыненні да Аляксея Лявончыка «і іншых грамадзян» Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу «ў сувязі з фінансаваннем дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361−2 КК). Лявончык — адзін з заснавальнікаў фонду дапамогі для пацярпелых ад пераследу ўладаў BY_help.

Акрамя таго, па даручэнні Генеральнай пракуратуры Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да членаў Каардынацыйнай рады і іншых асоб за «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса).

Мяркуючы па ўсім, цяпер усе члены Каардынацыйнай рады — на 21 снежня 60 чалавек асноўнага складу, сярод якіх нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, і больш за 5500 пашыранага — праходзяць па названай крымінальнай справе.

«Кожнаму факту аказання спрыяння экстрымісцкаму фарміраванню, кіраванага Ціханоўскай С. Г., Калеснікавай М. А., Знакам М. А., Латушкам П. П., Кавальковай А. А., Дылеўскім С. А. і іншымі асобамі, з боку грамадзян Рэспублікі Беларусь, асоб без грамадзянства, замежных грамадзян, у тым ліку службовых асоб, будзе дадзена прынцыповая прававая ацэнка», — абяцае пракуратура.