Сілавікі прыйшлі ў офіс Godel Technologies у Гродне, паведаміў Hrodna.life адзін з супрацоўнікаў фірмы.

У офіс прыйшлі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС. Яны хацелі агледзець працоўнае месца аднаго з супрацоўнікаў кампаніі рамках адміністрацыйнай справы. Самога супрацоўніка на месцы не было, бо ён працуе аддалена.

Дакументаў на агляд міліцыянты не паказалі, распавёў Hrodna.life супрацоўнік Godel Technologies Віталь Вановіч. Праз паўгадзіны прыехалі яшчэ двое сілавікоў у аліўкавым адзенні без апазнавальных знакаў, пасведчанне паказалі літаральна на секунду. Яны прапанавалі, каб прыехаў начальнік РАУС: «Хочаце па законе, будзе па законе».

Супрацоўнік Godel Technologies Уладзімір Родчанка прасіў супрацоўнікаў міліцыі прадставіцца, а таксама тэлефанаваў адвакату і ўдакладняў, ці маюць яны права пранікаць у офіс без дакументаў. У дачыненні да яго таксама пачалі адміністрацыйны працэс. У выніку Родчанка затрымалі прама на працоўным месцы за непадпарадкаванне супрацоўнікам органаў унутраных спраў (арт 23.4 КаАП), перадаў крыніца Hrodna.life.

Хто такі Уладзімір Родчанка?

Уладзімір Родчанка — інжынер-праграміст у «Godel Technologies». Яму 32 гады, ён жанаты, мае дзяцей пяці і сямі гадоў. Ён рэгулярна падтрымліваў акцыі салідарнасці ў Гродне ў 2020 годзе.

12 жніўня 2020 года Уладзімір з трыма знаёмымі ўстаў на калені насупраць Гродзенскага аблвыканкама з фота пяцігадовай дзяўчынкі, якая пацярпела ўвечары напярэдадні. Гродзенцаў затрымалі, збілі ў РАУС і размалявалі твар маркерам. Увечары 12 жніўня Уладзімір трапіў у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Пазней яго неаднаразова судзілі па арт. 23. 34 КаАП, а ён спрабаваў абскардзіць рашэнні суда.

Godel Technologies — IT-кампанія па аказанні паслуг у сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння ў Еўропе. Офісы знаходзяцца ў шасці гарадах Беларусі і іншых краінах.

Абноўлена. Больш за тры гадзіны Родчанка знаходзіўся ў Кастрычніцкім РАУС, пасля чаго яго адпусцілі без пратаколу. Ці будзе суд, невядома — позву яму не ўручылі, паведаміў Уладзімір r**yja.com.