З 1 ліпеня для ўезду ў Егіпет не патрабны ПЦР-тэст, калі ёсць сертыфікат аб вакцынацыі. Пры гэтым на сертыфікаце павінен быць адмысловы QR-код для пацвярджэння яго сапраўднасці, якога няма ў стандартнай форме ад беларускага Мінздароўя.

Сярод вакцын, якія падыходзяць для наведвання Егіпта без ПЦР-тэсту ёсць тыя, якімі прышчапляюць у Беларусі. Вось поўны спіс прызнаных вакцын:

  • Pfizer,
  • AstraZeneca,
  • Moderna,
  • Sinopharm,
  • Sinovac,
  • CoronaVac,
  • Sputnik.

Патрэбна поўная вакцынацыя. Паміж другой прышчэпкай і ўездам у Егіпет павінна прайсці 14 дзён (акрамя аднаразовых вакцын). На сертыфікаце аб вакцынацыі павінен прысутнічаць QR-код, які на беларускіх сертыфікатах не заўсёды ёсць. Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый паведаміў, што рыхтуе запыт у Міністэрства аховы здароўя.

Авіякампанія будзе дапускаць пасажыра на чартэрны рэйс у Егіпет з беларускім сертыфікатам аб вакцынацыі толькі па ўзгадненні з тураператарам. Ён жа павінны праінфармаваць турыста аб патрабаваннях Егіпта і магчымых наступствах, у тым ліку аб магчымай неабходнасці здаць ПЦР-тэст па прылёце ў Егіпет, патлумачылі ў «Белавія» для Onliner. Пры рэгістрацыі на рэйс таксама можна прад’явіць сертыфікат аб праходжанні ПЦР-тэсту (зробленага не раней, чым за 72 гадзіны да вылету).

У Грузіі трэба здаваць другі тэст — калі няма вакцынацыі

Яшчэ адна папулярная цяпер для беларусаў краіна (куды лётаюць нашы самалёты) — Грузія. Там з 5 ліпеня прыезджым трэба выканаць дадатковыя ўмовы, піша «Минск-новости».

Турыстам, якія прайшлі вакцынацыю ад COVID-19, неабходна прадставіць:

  • пасведчанне аб поўным курсе вакцынацыі ад COVID-19 любой вакцынай (на англійскай мове);
  • сертыфікат аб адмоўным выніку ПЦР-тэсту на COVID-19, зробленым не раней чым за 72 гадзіны да прыбыцця.

Пры гэтым такія прыезджыя не павінны перад прыездам знаходзіцца ў Індыі на працягу апошніх 14 дзён.

Да турыстаў без сертыфіката аб вакцынацыі патрабаванняў больш. Яны павінны:

  • прад’явіць медыцынскі сертыфікат аб адмоўным выніку ПЦР-тэсту на COVID-19, зробленым не раней чым за 72 гадзіны да прыбыцця.;
  • на трэці дзень знаходжання ў Грузіі прайсці паўторнае ПЦР-тэставанне за свой кошт;
  • да ўезду ў Грузію запоўніць спецыяльную форму заяўкі, паказаўшы гісторыю паездак за апошнія 14 дзён і кантактныя дадзеныя (адрас, нумар тэлефона, электронную пошту і г. д.).

Тыя, хто не прад’явіць сертыфікат аб адмоўным ПЦР-тэсце, павінны прайсці 8-дзённую самаізаляцыю. Спецыяльную форму заяўкі можна не запаўняць пасажырам з сертыфікатам аб вакцынацыі супраць COVID-19 і грамадзянам Грузіі. ПЦР-тэст на COVID-19 не патрэбен дзецям да 10 гадоў.

З 1 ліпеня Грузія адмяніла каменданцкую гадзіну. Цяпер там не трэба апранаць маску на вуліцы — толькі ў транспарце і ў закрытых памяшканнях.

Па вяртанні з Егіпта ў Беларусь самаізаляцыя не патрэбна. Грузія жа пакуль знаходзіцца ў спісе краін, пасля наведвання якіх патрабуецца 10-дзённая самаізаляцыя.

Чытайце таксама: