2 жніўня ў Белавежскай пушчы, ў ваколіцах вёскі Новы двор, заблукалі трое падлеткаў. У пошуках прымалі ўдзел больш за 150 чалавек. Раніцай 3 жніўня стала вядома, што зніклых знайшлі.

Аднаго з падлеткаў клічуць Артур Шока. Хлопцу 15 гадоў. Ён прыехаў з Мінска ў аграгарадок Новы Двор (Свіслацкі р-н, Гродзенская вобласць) у госці да бабулі. 2 жніўня каля 17:00 з сябрамі падлетак пайшоў у лес за грыбамі, паведамляе пошукава-выратавальны атрад «Ангел». Дзеці - два хлопчыкі, Артур і Кірыл, і дзяўчынка Віка — заблукалі.

У Белавежскай пушчы зноў шукалі зніклых падлеткаў - там, дзе прапаў Максім Мархалюк

У Новы Двор накіраваліся пошукавыя групы з Мінска і Баранавічаў. Раніцай 3 жніўня стала вядома, што хлопцаў знайшлі. У пошуках прымалі ўдзел каля 150 чалавек — валанцёры з розных гарадоў, супрацоўнікі міліцыі, МНС, мясцовыя жыхары і родныя дзяцей.

Гэта не першыя дзеці, якіх шукаюць у гэтай мясцовасці. У 2017 годзе там жа знік 11-гадовы Максім Мархалюк. Ён паехаў на ровары ў бок лесу каля вёскі Новы Двор і знік. Пазней ровар дзіцяці міліцыянты знайшлі ў лесе. Праз трое сутак пасля знікнення хлопчыка абвясцілі ў агульнарэспубліканскі вышук, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце знікнення. Хлопчыка шукалі спецыяльныя службы і каля 2000 валанцёраў, але так і не знайшлі. У 2019 годзе міліцыя агучыла афіцыйную версію: хлопчык пераблытаў кірункі і звярнуў на балота Дзікое.

Беларусы нават стваралі петыцыю да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб больш дбайным расследаванні. Яе падпісала больш за 29 тысяч чалавек. Праз год з’явіўся фільм пра пошукі Максіма. Яго стварыў Кірыл Уласенка, валанцёр пошукава-выратавальнага атрада «Анёл», на аснове рэальных відэазапісаў пошукаў.

У групе ПСО «Анёл» «УКантакце» падпісанты адзначалі, што маці Артура Шока, які заблукаў 2 жніўня, у 2017 годзе актыўна дапамагала з пошукамі Максіма Мархалюка.