На тэрыторыі завода «Гродна Азот» могуць забараніць карыстацца смартфонамі. Гэтае і іншыя пытанні абмяркоўвалі на аператыўнай нарадзе пад кіраўніцтвам гендырэктара прадпрыемства Ігара Ляшэнкі з удзелам старшыні прафсаюзнага камітэта ААТ «Гродна Азот» Андрэем Ражынскім.

Андрэю Ражынскаму паведамілі, што цяпер разглядаецца закупка кнопкавых тэлефонаў і выдачы дублікатаў sim-картак, піша «Гродненский Химик». З чым можа быць звязана такая забарона, не ўдакладняюць.

Вясной 2021 у Гродзенскай універсітэцкай клініцы забаранілі выкарыстанне асабістых мабільных тэлефонаў, фотаапаратаў, відэакамер, планшэтаў, радыёпрыёмнікаў і іншых электронных прылад у службовы час супрацоўнікам кафедраў, клінікі і студэнтам. Супрацоўнікам дазволілі карыстацца толькі стацыянарнымі і ўнутранымі службовымі тэлефонамі, якія не маюць магчымасць фатаграфаваць і рабіць аўдыёзапіс. Тады змены патлумачылі неабходнасцю захавання ўрачэбнай таямніцы пацыентаў.

Што яшчэ абмяркоўвалі на нарадзе з гендырэктарам

Абедзенны перапынак. На думку галоўнага лекара медсанчасткі Віктара Жэгздрына, 30 хвілін-недастаткова для адпачынку. Абмяркоўвалі і неабходнасць устанаўлення перапынку ў розных цэхах у розны час, каб людзі не групаваліся ў сталовых, і магчымасць харчавання ў цэхах паводле прынцыпу раздатачнай сталовай.

Водаправод. Да студзеня 2022 года зробяць пераацэнку і паўторна аформяць дакументы для перадачы гораду гаспадарча-пітнога вадавода ад водазабору «Чэхаўшчызна» да філіяла «Завод Хімвалакно».

Капітальны рамонт у цэхах аміяк-4 і карбамід-4 завершаны. Зараз ідуць падрыхтоўчыя працы да планавых рамонтаў са спыненнем у цэхах аміяк-3 і карбамід-3.

Ліст незалежнага прафсаюза «Гродна Азот». У ім прадстаўнікі пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюза звярнуліся з пытаннем калектыўнай працоўнай спрэчкі. На нарадзе сказалі, што рашэнне аб непадаўжэнні кантрактаў тром работнікам прынялі кіраўнікі вытворчых падраздзяленняў, а аднаго са звольненых зноў прынялі на працу. Вырашылі запрасіць на прадпрыемства кіраўніка і юрыста незалежнага прафсаюзу для абмеркавання «непаразумення, якое ўзнікла».