На гарадскіх святах у Гродне не будуць запускаць у неба паветраныя шары і светлашары. Гэта вынікае з адказу Гродзенскага гарвыканкама арганізацыі «Экаманіторынг». Адказ размясціў старшыня арганізацыі Яўген Філімонаў в аккаунте в Facebook.

«Пры арганізацыі і правядзенні гарадскіх культурна-масавых мерапрыемстваў, арганізатарамі якіх з’яўляюцца падведамныя гарвыканкаму ўстановы, паветраныя шары і святлашары з іх запускам у неба не выкарыстоўваюцца», — напісана ў адказе за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Андрэя Болтрыка.

Праўда, у адказе не сказана, ці будуць забараняць выкарыстоўваць шары на мерапрыемствах, дзе арганізатарам не з’яўляецца гарвыканкам.

Што прасілі актывісты

  1. Заканадаўча забараніць выкарыстанне паветраных шароў, святлашароў (шар са святлодыёдам і батарэйкай унутры) і нябесных (кітайскіх) ліхтарыкаў на масавых мерапрыемствах, у тым ліку мерапрыемствах устаноў адукацыі;
  2. Разгледзець больш экалагічныя альтэрнатывы шарам на мерапрыемствах: танцавальныя і песенныя флешмобы, шоу мыльных бурбалак, запуск шматразовых паветраных змеяў з наступным вяртаннем гаспадарам, запальванне свечак, карысныя добрыя справы — пасадку дрэў і кветак, ачыстку і прывядзенне ў парадак помнікаў і сквераў, выраб і развешванне кармушак для птушак.

Чаму актывісты заняліся гэтым пытаннем

«Экаманіторынг» у звароце падкрэсліваў, што штогод на святах па ўсёй Гродзенскай вобласці ў неба запускаюць тысячы паветраных геліевых шарыкаў і нябесных ліхтарыкаў. Гэта пагаршае экалагічную сітуацыю ў горадзе:

  • пасля падзення на зямлю або ў ваду абалонкі шара могуць вылучаць таксічныя рэчывы;
  • рыбы і млекакормячыя прымаюць шары за нейкую ежу і глытаюць, што становіцца для іх смяротным;
  • у вяроўках ад шароў лёгка могуць заблытацца і загінуць птушкі;
  • шары раскладаюцца гадамі, забруджваючы навакольнае асяроддзе.

Сабраць запушчаныя паветраныя шары немагчыма: яны могуць паляцець на дзясяткі і сотні кіламетраў. Могуць патрапіць і на тэрыторыі паркаў, лясоў, асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, стаць прычынай гібелі жывёл з Чырвонай кнігі. Выкарыстанне паветраных шароў на мерапрыемствах можна расцэньваць як наўмыснае забруджванне тэрыторый і акваторый, лічаць эколагі.

Што асабліва небяспечна?

Асаблівую небяспеку ўяўляюць святлашары, а дакладней, батарэйкі, якія знаходзяцца ў іх. Батарэйкі пры раскладанні ў прыродных умовах вылучаюць у глебу і ваду небяспечныя рэчывы. Солі, кіслоты, шчолачы і цяжкія металы могуць забрудзіць водныя аб’екты і нават трапіць у харчовы ланцужок.

Сур’ёзную небяспеку ўяўляюць і «кітайскія ліхтарыкі». Іх каркас з дроту смяротна небяспечны для невялікіх жывёл, якія трапляюць у яго, як у пастку. Рэшткі дроту могуць патрапіць у страўнік траваедных і літаральна разарваць вантробы. Гэта тычыцца і хатняй жывёлы, і дзікіх жывёл. МНС паведамляла, што з-за кітайскіх ліхтарыкаў не раз здараліся пажары.

Чытайце таксама: