«Лета 2021-Апошняе для ВелаГродна», — напісалі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання раварыстаў Гродна на сваёй старонцы ў Facebook. Гродзенскі аблвыканкам падаў пазоў аб ліквідацыі арганізацыі. Фармальна — праз памылкі ў дакументах. «Калі мы і наша дзейнасць не патрэбна прадстаўнікам гарадской улады, навошта працягваць нешта рабіць?" — кажа прадстаўніца «ВелаГродна» Юлія Каляда.

Аб’яднанне існуе з 2013 года. Яго мэта — рабіць горад зручней для раварыстаў і развіваць веларух. У сярэдзіне ліпеня 2021 года ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама пачало праверку ў дачыненні да «ВелаГродна». Па яе выніках аблвыканкам падаў у суд іскавую заяву аб ліквідацыі. Афіцыйная прычына — парушэнні і памылкі ў дакументаабароце, якія ў пазове занялі тры старонкі.

«Выправіць памылкі Упраўленне юстыцыі нам не дала. Акт аб выяўленых парушэннях адразу быў накіраваны ў суд, і мы даведаліся пра іх ужо з суда», — распавяла Hrodna.life сябра праўлення «ВелаГродна» Юлія Каляда. Першае судовае пасяджэнне па ліквідацыі прызначылі на 30 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе.

“Хто будзе адстойваць правы раварыстаў?" Улады хочуць ліквідаваць "ВелаГродна", з якім раней супрацоўнічалі
Фота: Facebook

«Калі мы не патрэбныя, навошта працягваць нешта рабіць?»

Надзеі, што суд адмовіць у ліквідацыі, няма, лічыць Юлія. «Час такі. З аднаго боку трэба [аспрэчваць рашэнне аб ліквідацыі], з другога боку на гэта патрэбныя сілы, час, юрысты, грошы. Незразумела, ці трэба за гэта брацца, калі вынік і так вядомы», — распавяла яна Hrodna.life.

Нейкіх незавершаных буйных праектаў у арганізацыі цяпер няма, таму няма і неабходнасці адцягваць працэс.

У тым, каб зараз шукаць іншыя юрыдычныя формы, Юлія не бачыць сэнсу. «Калі мы і наша дзейнасць не патрэбна прадстаўнікам гарадской улады, аблвыканкаму — навошта мне нешта працягваць рабіць? Катацца на ровары мы можам і без арганізацыі. Але хто будзе адстойваць правы раварыстаў у плане інфраструктуры, безбар’ернага асяроддзя? Спадзяюся, што ўсе зародкі, якія мы ўклалі за час нашага існавання, будуць даваць парасткі. Мы і сёлета паспелі падаць чарговы спіс на паніжэнне бардзюраў».

“Хто будзе адстойваць правы раварыстаў?" Улады хочуць ліквідаваць "ВелаГродна", з якім раней супрацоўнічалі
На занятку гродзенскай велашколы

Чытайце таксама:

Задача арганізацыі была не проста праводзіць мерапрыемствы, катацца на роварах, а грунтоўна ўплываць на тое, каб горад стаў зручным для раварыстаў, распавяла прадстаўніца «ВелаГродна».

«На наш погляд, без нас гэта было б складана зрабіць. Калі цяпер ужо горад, вобласць лічаць, што без такіх арганізацый, як мы, можна працягваць рухацца ў гэтым кірунку — калі ласка, няхай рухаюцца».

Паміж раварыстамі і чыноўнікамі. Навошта гораду"ВелаГродна"

Аб’яднанне «ВелаГродна» займаецца папулярызацыяй ровара як экалагічнага віду транспарту, сродку актыўнага адпачынку і фарміравання здаровага ладу жыцця. «ВелаГродна» актыўна супрацоўнічала з мясцовай уладай па пытаннях развіцця велаінфраструктуры і трымала зваротную сувязь з гродзенскімі веласіпедыстамі. З 2018 года «ВелаГродна» уваходзіць у склад Гродзенскага гарадскога Каардынацыйнага савета па турызме, з 2017 — у склад Савета па забеспячэнні сістэмы веласіпеднага руху пры гарвыканкаме, з сакавіка 2016 — у склад грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры Гродзенскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

“Хто будзе адстойваць правы раварыстаў?" Улады хочуць ліквідаваць "ВелаГродна", з якім раней супрацоўнічалі
З падачы «ВелаГродна» ў 2018 годзе аўтобусы, якія едуць на Аўгустоўскі канал, абсталявалі мацаваннем для ровараў

Гэта шмат у чым дзякуючы «ВелаГродна» ў Гродне прыніжалі бардзюры, стваралі веларазметку і веладарожкі, велапаркоўкі каля грамадска-значных устаноў, будавалі велагаражы ў жылых раёнах і ўсталёўвалі веламаячкі-стэнды для самастойнага рамонту ровараў. Арганізацыя працавала над уключэннем турыстычных веламаршрутаў Гродзенскай вобласці ў сістэму еўрапейскіх веламаршрутаў, магчымасцямі перавозкі ровараў у грамадскім і міжгароднім транспарце, развіццём аматарскага і экстрэмальных відаў веласпорту.

Чытайце таксама:

«ВелаГродна» займалася арганізацыяй гарадскіх велапрабегаў, экалагічных акцый, дзіцячых велазаездаў, веламарафона «Суседзі» ў партнёрстве з гродзенскім райвыканкамам. Сярод праектаў «ВелаГродна" — велашкола для пачаткоўцаў, дзе дарослыя і дзеці маглі навучыцца ездзіць на ровары.

У 2019 годзе Юлія Каляда як прадстаўніца «ВелаГродна» распрацавала «Канцэпцыю развіцця гарадскога веласіпеднага руху ў Гродне да 2030 г.» у рамках праекта «Гарадскі веларух у Беларусі». Дакумент зацвердзіў намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Жук.

Чытайце таксама:

“Хто будзе адстойваць правы раварыстаў?" Улады хочуць ліквідаваць "ВелаГродна", з якім раней супрацоўнічалі
Падчас адной з акцый «ВелаГродна» ў 2018 годзе

Таксама сярод партнёраў і кансультантаў арганізацыі - экалагічнае таварыства «Зялёная сетка», Мінскае роварнае таварыства і Цэнтр экалагічных рашэнняў. Апошні ў сваёй дзейнасці актыўна супрацоўнічаў з дзяржорганамі па пытаннях экалогіі і таксама быў ліквідаваны па рашэнні Мінскага гарвыканкама ў ліпені 2021 года.

Хто яшчэ выявіўся лішнім у Гродне

З пачатку 2021 года Гродзенскі гарвыканкам ужо ліквідаваў 60 суб’ектаў гаспадарання, у той час як за ўвесь 2020 — 66, у 2019 — 55. Праўда, да ліпеня 2021 года ў асноўным гэта былі камерцыйныя арганізацыі. У ліпені ж Гродзенскі гарвыканкам ліквідаваў:

  • культурна-асветніцкая ўстанова «Гродненский рок-клуб»,
  • даследча-аналітычнае ўстанова «Стратегия-Северо-Запад»,
  • сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «Новые горизонты истины»,
  • сацыяльна-дабрачынная ўстанова «Цифровая экономика для НКО»,
  • культурна-асветніцкая ўстанова «Центр отдыха и развития «Портал»,
  • ўстанова па развіцці грамадска-сацыяльнага партнёрства «Гражданская взаимопомощь»,
  • сацыяльна-адукацыйная ўстанова «Центр личностного развития женщин»,
  • прыватная ўстанова «Центр дополнительного образования взрослых «Студия полезных компетенций»,
  • прыватная асветніцкая ўстанова «Европейская молодёжная предпринимательская инициатива».

11 жніўня прайшло падрыхтоўчае паседжанне па ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф Медыя», уласніка сайта Hrodna.life. Пазоў у суд падала Гродзенская пракуратура. Асноўнае пасяджэнне прызначылі на 26 жніўня. Таксама Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама накіравала ў суд заяву аб ліквідацыі Гродзенскага дзіцячага хоспіса. Аб гэтым 14 жніўня паведаміла дырэктарка хоспіса Вольга Вялічка.

Ліквідацыі адбываюцца па ўсёй краіне

Працэс ліквідацыі недзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый у Беларусі актыўна ідзе з ліпеня 2021 года. 23 ліпеня стала вядома, што Мінюст Беларусі ліквідуе каля 50 арганізацый. Ліквідацыі працягнуліся і потым.

«Так і ўрад і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей зноў не ўспрыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад дзве тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?», — выказаўся Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 22 ліпеня.