Горад

Без асфальту і веладарожак, але з дзіцячай пляцоўкай. У гарвыканкаме распавялі пра новы квартал таўнхаусаў у Баранавічах

У Баранавічах-9 хацелі зрабіць асфальт і веладарожкі. Але ад гэтых планаў прыйшлося адмовіцца. Затое ў прыватным сектары знайшлі месца для міні-сквера з дзіцячай пляцоўкай. Аб праекце забудоўшчык распавёў на прэзентацыі ў гарвыканкаме 18 жніўня.

Новы квартал таўнхаусаў і катэджаў на 57 участках з’явіцца ў мікрараёне Баранавічы-9. Яго пабудуе «Палессежылбуд». Першыя 8 таўнхаусаў, кожны на дзве кватэры, пачнуць узводзіць у верасні. На астатніх участках па плане — індывідуальныя дамы. Але калі будзе попыт на блакаваныя, праект перагледзяць.

Якія дамы пабудуюць?

У таўнхаусах будзе тры спальні, кухня-гасцёўня і тэраса з боку двара. Некалькі варыянтаў планіроўкі і метражу ёсць для індывідуальных дамоў. Можна адразу набыць жыллё з рамонтам.

Плошча ўчастка для таўнхаусаў - каля 6 сотак, для катэджаў - 10 сотак. Забудоўшчык паставіць агароджу, зробіць пляцоўкі для машын. Кошт жылля пакуль не называюць.

Што з камунікацыямі?

На ўчастках ёсць вада, электрычнасць і газ. Узніклі цяжкасці з цэнтральнай каналізацыяй. Каля Баранавічаў-7 ёсць камунікацыі, але іх пакуль не выкарыстоўваюць. Таму падключыць да іх Баранавічы-9 не атрымалася. У новых дамах для сцёкавых вод запланавалі выграбныя сістэмы з біялагічнай перапрацоўкай.

Ад веладарожак адмовіліся

У апісанні праекта на сайце гарвыканкама ёсць інфармацыя, што ў квартале будзе каля двух кіламетраў веладарожак. На прэзентацыі высветлілася, што іх вырашылі не рабіць. Прычына — у суседняй забудове няма сеткі, у якую іх можна ўключыць. А ў межах аднаго квартала рабіць веладарожкі няма сэнсу, растлумачылі прадстаўнікі «Палессежылбуда».

У той жа час каля дамоў выкладуць тратуары з пліткі, зробяць пад’езды да ўчасткаў. Самі дарогі будуць жвірова-пяшчанымі. Першапачаткова забудоўшчык хацеў пакласці асфальт, але выявілася, што гэта моцна падвысіць кошт квардратных метраў.

У прыватным сектары зробяць міні-сквер

У новым мікрараёне выдзелілі 10 сотак пад дзіцячую пляцоўку. Праекціроўшчыкі лічаць яе галоўнай «фішкай» квартала і хочуць ператварыць у міні-сквер для сямейнага адпачынку. Тут пасадзяць дрэвы і хмызнякі, зробяць дарожкі і лаўкі. У цэнтры будзе зялёны лужок, побач — комплексы для дзяцей і падлеткаў. Магчыма, з’явяцца вулічныя трэнажоры або невялікі канатны гарадок.

Можна дасылаць заўвагі

Да 30 жніўня працягнецца грамадскае абмеркаванне праекта забудовы ў Баранавічах-9. Гарвыканкам прапануе гродзенцам дасылаць заўвагі і прапановы па такіх адрасах:

  • Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, пл.Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна
  • электронная пошта: gorisp@gorod.grodno.by.
  • сэрвіс «Электронные обращения» на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама
  • Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, пл. Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна

Што яшчэ будаваў «Палессежылбуд» у Гродне

  • элітны дом на вуліцы Будзёнага
  • базу адпачынку «Прывал»
  • гандлёвы цэнтр «Трыніці»
Падзяліцца

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024