Недаплату ў 603 рубля за рамонт трубы пагасіў чытач Hrodna.life 14 верасня. Ён пажадаў застацца ананімным: «Галоўнае, што пытанне закрытае і бабулю пакінуць у спакоі». Пенсіянерка здзівілася і расплакалася: «Пастаўлю ў цэркві самую бальшую свечку за гэтага чалавечка. Я і не думала, што так бывае».

Адзінокая пенсіянерка з Гродна Марыя Ківер не змагла разлічыцца з Гроднавадаканалам за рамонт трубы. За гэта вадаканал падаў на яе ў суд.

Аварыя здарылася у 2019 годзе на ўчастку, які вядзе ад цэнтральных сетак да дома пенсіянеркі. Цана рамонту была для жанчыны непад’ёмная: дзяцей у яе няма, пасля смерці мужа жыве адна. 7 месяцаў 89-гадовая гродзенка правяла без вады, пасля гэтага пагадзілася на дарагі рамонт.

Калі атрымала рахунак на 1877 рублёў, то зразумела, што расплаціцца не зможа. На пагашэнне доўгу Марыя Ківер аддала нават «грабавыя» — 900 рублёў, якія трымала на пахаванне.

З пенсіі на пагашэнне доўгу атрымлівалася адкладаць па 10−20 рублёў у месяц. Калі б не дапамога чытача Hrodna.life, ёй давялося б расплачвацца за паслугі вадаканала ад 2,5 да 5 гадоў.

Больш падрабязна аб гэтай сітуацыі Hrodna.life распавядаў у матэрыяле: «Нет такого механизма, чтобы списать этот долг». Гродноводоканал судится с 89-летней бабушкой из-за недоплаты за ремонт трубы

Праз 7 месяцаў разглядаў суд пастанавіў паменшыць доўг пенсіянеркі на 374 рубля з-за парушэння правоў спажыўца з боку Гроднавадаканала. Пракуратура спачатку лічыла такое рашэнне незаконным, але пазней адклікала пратэст. Пасля публікацыі ў рэдакцыю звярнуліся дзясяткі чытачоў, якія хацелі дапамагчы сталой жанчыне аплаціць непасільную для яе суму.

«Я начамі не спала — усё думала, як расшчытаюся», — расказала Марыя Ігнацьеўна Hrodna.life. Яна папрасіла перадаць «незнакомаму чалавечку лучшыя пажэланія і здароўечка».