Указы аб прызнанні Луганскай Народнай Рэспублікі і Данецкай Народнай Рэспублікі падпісаў 21 лютага прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. З-за вайны на ўсходзе Украіны ў 2014−2015 годзе ў Беларусь прыехалі 170 тыс. чалавек з Данбаса. Hrodna.life даведаўся, ці чакаць у Беларусі новых мігрантаў з самаабвешчаных рэспублік у сувязі з абвастрэннем канфлікту.

“Не ўсе, хто хоча з’ехаць, маюць такую магчымасць”. Ці чакаць у Беларусі новую плынь мігрантаў з усходу Украіны?
Ілюстратыўнае фота. Крыніца: Reuters

МУС: «Мігранты будуць». Валанцёрка з Кіева: «Магчыма, але яны паедуць не ў Беларусь»

«Мы пакуль не адчулі міграцыйнай плыні. Пакуль да нас не даехаў ніхто. Але я думаю, што паток людзей будзе, і ён будзе праз Расію. Мы гатовыя прымаць, прадастаўляць грамадзянства», — сказаў старшыня Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун выданню «Sputnik».

«Думаю, што ў Беларусь не паедуць [мігранты] акрамя тых, у каго там ёсць сваяцкія сувязі. Большасць людзей выязджае ў Расію і на падкантрольныя тэрыторыі Украіны, нейкая часктка едзе ў Еўропу», — сказала Hrodna.life валанцёрка арганізацыі «Восток SOS» у Кіеве Юлія Красільнікава.

Hrodna.life запытаўся пра сітуацыю ў некалькіх мігрантаў, якія прыехалі ў Гродна з усходу Украіны ў 2014−2016 гадах. Яны не пажадалі размаўляць, спасылаючыся на тое, што пытанне для іх балючае.

Ці проста выехаць з тэрыторыі канфлікту на ўсходзе Украіны

«Зараз пэўная колькасць людзей выязджае на падкантрольную ўкраінскаму ўраду тэрыторыю. На жаль, не ўсе, хто хоча з’ехаць, маюць такую магчымасць. Напрыклад, таму, што не маюць патрэбных для выезду дакументаў. Таксама лінія размежавання зараз абмежавана з боку „ЛДНР“, таму людзі вымушаныя ехаць праз тэрыторыю Расіі, а гэта доўгі, складаны і дарагі шлях. Да нас па дапамогу таксама звяртаюцца жыхары прыфрантавых тэрыторый, якія баяцца з-за актывізацыі баявых дзеянняў у апошнія дні, ці засталіся без святла, ацяплення і вады. Многія з акупаваных тэрыторый не з’язджаюць, бо не хочуць пакідаць родных, а выезд мужчынам пакуль забаронены, таму застаюцца ўсёй сям’ёй», — сказала Юлія Красільнікава.

Калі пачаўся канфлікт на Данбасе

Канфлікт на ўсходзе Украіны пачаўся вясной 2014 года. 27 красавіка ЛНР абвясціла незалежнасць ў межах Луганскай вобласці. У траўні 2014 года ДНР абвясіціла незалежнасць у межах Данецкай вобласці. Большая частка тэрыторыі самаабвешчаных рэспублік кантралюецца Украінай. На працягу васьмі гадоў на ўсходзе Украіны адбываюцца баявыя дзеянні за кантроль над тэрыторыяй.